Не парушайце заканадаўства аб сацыяльным страхаванні

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні арыентавана на добрасумленнае выкананне сваіх абавязацельстваў наймальнікамі – юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі, якія прадастаўляюць работу грамадзянам па працоўных і грамадзянска-прававых дагаворах.

За невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў плацельшчыкі нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Яны абавязаны налічваць і пералічваць у поўным аб’ёме ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не пазней за ўстаноўлены дзень выплаты заработнай платы за мінулы месяц.

У выпадках, калі дзень выплаты заработнай платы за мінулы месяц устаноўлены пазней за 20-е чысло месяца, наступнага за мінулым, плацельшчыкі выплачваюць узносы ў бюджэт фонду не пазней за 20-е чысло месяца, наступнага за мінулым.

Парушэнне тэрмінаў выплаты ўзносаў у ФСАН або іх выплата ў няпоўным аб’ёме незалежна ад прычыны (у тым ліку і пры адсутнасці на рахунках плацельшчыка грашовых сродкаў) з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем.У выпадку нявыплаты або няпоўнай выплаты ва ўстаноўлены тэрмін абавязковых страхавых узносаў, а таксама ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне ў памеры больш за 20 базавых велічыняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры ад 2 да 20 базавых велічыняў толькі для службовых ці іншых упаўнаважаных асобаў арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў ці іншых фізічных асобаў, якія прадастаўляюць работу грамадзянам па працоўных і (або) грамадзянска-прававых дагаворах. Не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем нявыплата або няпоўная выплата ва ўстаноўлены тэрмін узносаў, калі яны выплачаны ў поўным аб’ёме не пазней за дзень выплаты заработнай платы. У дачыненні да юрыдычных асобаў адміністрацыйная адказнасць не прымяняецца.

У выпадку наяўнасці запазычанасці перад бюджэтам ФСАН кіраўніку, галоўнаму бухгалтару (іх намеснікам) арганізацыі (адасобленага падраздзялення) не налічваюцца і не выплачваюцца прэміі, бонусы і ўзнагароды за выкананне працоўных абавязкаў:

— за каляндарныя дні, у якіх была такая запазычанасць;

— за месяцы, у якіх дапушчана пратэрмінаваная запазычанасць па плацяжах у бюджэт ФСАН.

Яны будуць налічвацца за месяц (квартал, паўгоддзе ці іншы перыяд) прапарцыйна каляндарным дням (месяцам), у якіх адсутнічала запазычанасць (пратэрмінаваная запазычанасць) па плацяжах у бюджэт фонду.

Дадзены парадак налічэння названых выплат не распаўсюджваецца на кіраўнікоў і галоўных бухгалтараў (іх намеснікаў) юрыдычных асобаў (іх адасобленых падраздзяленняў), якім прадастаўлена адтэрміноўка (растэрміноўка) пагашэння запазычанасці па плацяжах.

Плацельшчыкі абавязаны прадастаўляць у органы фонду па месцы пастаноўкі на ўлік устаноўленыя заканадаўствам звесткі і справаздачнасць, у тым ліку штоквартальную ведамасную справаздачнасць 4-Фонд “Справаздача аб сродках бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, а таксама дакументы персаніфікаванага ўліку (ДПУ): анкету застрахаванай асобы па форме ПУ-1, звесткі аб прыёме і звальненні па форме ПУ-2, індывідуальныя звесткі па форме ПУ-3, індывідуальныя звесткі на прафесійнае пенсійнае страхаванне па форме ПУ-6.

Тэрміны прадастаўлення ДПУ вызначаны ў раздзеле 4 правілаў індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку застрахаваных асобаў у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

Пры парушэнні тэрмінаў прадастаўлення ДПУ або недакладных звестак узнікаюць памылкі на асабовых рахунках застрахаваных асобаў і, як следства, несвоечасовы разлік пенсіі, а таксама залішне выплачаныя яе сумы. За такія парушэнні заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная і матэрыяльная адказнасць плацельшчыкаў – штраф у памеры да 20 базавых велічыняў. Не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем прадастаўленне гэтых дакументаў пазней тэрміну, калі пратэрміноўка склала не больш за 3 працоўныя дні.

Працадаўцы нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам за шкоду, прычыненую несвоечасовым і няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для прызначэння і пераразліку пенсіі, а таксама прадастаўленнем дакументаў, у якіх ёсць недакладныя звесткі. Залішне выплачаная сума пенсіі спаганяецца з працадаўцы-арганізацыі ў бясспрэчным парадку, а з працадаўцы-фізічнай асобы – праз суд.

У мэтах недапушчэння адміністрацыйных правапарушэнняў наймальніку мэтазгодна загадам прызначыць адказных за прадастаўленне ДПУ ў органы ФСАН.

Марыя ЖЫДКО,
начальнік Дзятлаўскага ФСАН

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga