«Мой горад – часцінка Беларусі» (+відэа)

Галоўнае Улада

Урачыстая праграма пад такой назвай адкрыла святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 525-годдзя горада Дзятлава.
На плошчы 17 Верасня райцэнтра яна сабрала разам жыхароў і гасцей раёна, прадоўжыўшы эстафету ўрачыстых падзей, звязаных з дзвюма важнымі датамі.

– Дзень Незалежнасці – галоўнае свята нашай краіны, якое азначае свяшчэнную падзею гісторыі – вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – звярнуўся да прысутных са словамі віншавання старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Гэта свята дарагое беларусам як памяць аб тых, хто адстойваў незалежнасць Радзімы на палях бітваў. Яно аб’ядноўвае ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе родную гісторыю, сваімі працай і талентам уносіць штодзённы ўклад у працвітанне Айчыны. Мы ў вечным абавязку перад тымі, хто зрабіў гэта магчымым і адстаяў Вялікую Перамогу. Сёння мы жывём, працуем, гадуем дзяцей і ствараем будучыню ў незалежнай суверэннай краіне, дзякуючы іх подзвігам, патрыятызму і мужнасці. Адзначаем і яшчэ адно адметнае свята –525-гадовы юбілей горада Дзятлава. За час свайго існавання наш горад зведаў шмат выпрабаванняў, стаў сучасным і прыгожым, дзякуючы энергіі, працы і талентам яго жыхароў, іх любові і клопату аб малой радзіме. Мы ганарымся гераічнай гісторыяй, творчай і духоўнай спадчынай, дасягненнямі сваіх славутых землякоў.

Рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама было зацверджана палажэнне аб Кнізе Славы Дзятлаўскага раёна. У яе ўжо ўнесены звесткі аб 60 грамадзянах, якія сваёй стваральнай працай
праслаўлялі Дзятлаўшчыну. За выдатныя дасягненні ў навуковай дзейнасці і асабісты ўклад у развіццё музейнай справы нашага раёна змест Кнігі Славы папоўняць імёны яшчэ траіх ураджэнцаў Дзятлаўшчыны. І няхай не перарвецца гэта слаўная традыцыя.

Разам мы пішам новую гісторыю, робім Дзятлава прыгожым, добраўпарадкаваным горадам, у чым заслуга кожнага працоўнага калектыву і жыхара. Дзякую за любоў і адданасць роднаму краю!

Упэўнены, што працалюбівасць і энтузіязм паспрыяюць рэалізацыі яшчэ многіх важных планаў па развіцці раёна і дадуць старт асабістым перамогам і дасягненням землякоў.

З 525-годдзем Дзятлава жыхароў раёна павіншаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк.

– Сучаснае Дзятлава – горад з высокім вытворчым, культурным, духоўным патэнцыялам. У ім жывуць нераўнадушныя людзі, якія не толькі працуюць дзеля дабрабыту роднага горада, але і аддаюць яму часцінку свайго сэрца, цяпло сваёй душы. Няхай у кожным іх доме пануюць лад, мір і дабрабыт, – зачытаў віншавальны адрас Уладзімір Аляксандравіч.

Таксама дэпутат выканаў ганаровую місію і ўручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды землякам. Падзячным пісьмом старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за шматгадовую працу на ніве культуры адзначана Святлана Венская.

Паколькі Дзятлаўшчына сёлета занесена на Рэспубліканскую дошку гонару, то кіраўніцтвам дзвюх палат прынята рашэнне аб узнагароджанні старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага самай высокай дзяржаўнай узнагародай – Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і нагрудным знакам да яе. Уладзімір Аляксандравіч урачыста ўручыў іх Андрэю Уладзіміравічу з пажаданнямі далейшых поспехаў.

Заслужаных узнагародаў у дзень свята дачакаліся і лепшыя работнікі розных галінаў нашага раёна. Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама адзначаны трактарысты-машыністы КСУП “Жукоўшчына” Мікалай Бакшук і КСУП “Войневічы” Мікалай Макарчук. Падзякі старшыні Гродзенскага аблвыканкама аб’яўлены трактарысту-машыністу КСУП “Хвінявічы” Андрэю Клюкачу і інжынеру па ахове працы сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” Наталлі Стрыдзінскай. У час цырымоніі ўзнагароджання Андрэй Садоўскі таксама ўручыў узнагароды Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта.

Святочную эстафету пераняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён уручыў начальніку ДРБУ-119 Дзмітрыю Мазалю Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Падзячнымі лістамі абласнога Савета дэпутатаў адзначаны загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш, загадчыца Жукоўшчынскага ФАПа Ларыса Кучынская, атрымалі нашы землякі і ўзнагароды раённага Савета дэпутатаў.

Горад Дзятлава “нарадзіў” нямала людзей дзіўнага лёсу і вялікага таленту, а летапісам іх добрых справаў і скарбонкай “залатога фонду Дзятлаўшчыны” стала Кніга Славы Дзятлаўскага раёна.

Урачыста на святочную сцэну яе вынеслі старшыня моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Анастасія Маскаль і пераможца Усебеларускай моладзевай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства” Станіслаў Якаўчык. Сертыфікаты аб занясенні ў Кнігу Славы, кветкі і падарункі атрымалі акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Міхаіл Нікіфараў, яго калегі па ўстанове акадэмік, доктар сельскагаспадарчых навук, беларускі вучоны-селекцыянер, прафесар Станіслаў Грыб і акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка.

У сваю чаргу Аляксандр Лакотка расказаў, што вырас у маляўнічым куточку Дзятлаўшчыны і яму дарагія вёска Кузьмічы і аграгарадок Дварэц. Ён перадаў Дзятлаўскаму гісторыка-
краязнаўчаму музею 20 твораў акварэльнага жывапісу, аб чым падпісаў дагавор дарэння з кіраўніком раёна і дырэктарам музея Вольгай Цюшляевай.

На гэтым падарункі да 525-годдзя Дзятлава не скончыліся.

Чарговы з іх, макет касцёла, перадаў храму райцэнтра жыхар Баранавічаў, ураджэнец вёскі Вялікія Шастакі, Станіслаў Канавалік. Зрабіў яго сваімі рукамі разам з жонкай Валянцінай Сяргееўнай.

Мілагучныя песенныя віншаванні прагучалі ад нашай таленавітай зямлячкі, а цяпер салісткі Гродзенскай абласной філармоніі Алы Аўдзейчык. Да дарослых далучылася і падрастаючае пакаленне, дорачы родным мясцінам плён свайго таленту, а самым высокім акордам ад маладых дзятлаўчан стаў творчы нумар “Любімую не аддаюць”.

Ірына СТЫРНІК

фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны СТЫРНІК



Теги: