Анастасія Шавель: “Вельмі чакаю вандроўку на “Цягніку Памяці”

Галоўнае Грамадства

10 навучэнцаў з Гродзенскай вобласці прымуць удзел у беларуска-расійскім моладзевым патрыятычным праекце “Цягнік Памяці-2023”.

Іх падарожжа пачнецца 22 чэрвеня з Брэсцкай крэпасці. Праект рэалізуецца з ініцыятывы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі. Усяго ў ім сёлета паўдзельнічаюць 205 школьнікаў, у тым ліку наша юная зямлячка, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель.

Варта адзначыць, што Анастасія, каб адправіцца ў падарожжа, стала адной з пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”.

Напярэдадні паездкі яна расказала пра свае спадзяванні:

– Вельмі чакаю вандроўку на “Цягніку Памяці”. Для мяне гэта хвалююча і цікава. Буду рада пабываць у тых памятных і легендарных месцах, дзе дзяды і прадзеды змагаліся за нашу Радзіму. Дзесьці я ўжо была, аднак хочацца яшчэ больш паглыбіцца ў родную гісторыю, даведацца важныя і цікавыя факты. У мяне трапяткія адносіны да гістарычнай памяці Айчыны. Прыемна, што будзе магчымасць пазнаёміцца даведацца ў сваіх равеснікаў іх бачанне нашай агульнай мінуўшчыны, пачуць з першых вуснаў сямейныя гісторыі, бо, магчыма, і іх продкі ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Думаю, у нас шмат агульнага і нам ёсць што расказаць адзін аднаму. Упэўнена, што паездка пакіне самыя яркія ўражанні і цёплыя эмоцыі.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga