Анастасія Шавель: “З нецярпеннем чакаю паездкі”

Важнае Грамадства

У Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў рэгіянальны адборачны этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” па вызначэнні ўдзельнікаў беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці-2023”.

Канкурсантамі сталі навучэнцы дзясятых класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай, грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, лідары вучнёўскага самакіравання, актывісты грамадскіх арганізацый, навучэнцы ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класаў, члены моладзевага парламента. Ад маладых людзей з розных куткоў Гродзеншчыны было пададзена больш за 240 заявак, толькі 49 канкурсантаў змаглі дайсці да заключнага абласнога этапу, усяго 8 з іх сталі пераможцамі, а гэта значыць, 22 чэрвеня яны накіруюцца ад Брэсцкай крэпасці ў падарожжа на “Цягніку Памяці” разам з іншымі ўдзельнікамі праекта.

Адметна, што ў ліку пераможцаў ёсць наша маладая зямлячка, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, дэпутат моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Анастасія Шавель. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў іспытах і расказала, чаго чакае ад праекта.

– Перамога ў конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны” далася мне няпроста. Лічу, што вялікі ўнёсак у яе зрабілі мае блізкія і настаўнікі. Класны кіраўнік Святлана Віктараўна Салаўёва дапамагла напісаць эсэ, Кацярына Валер’еўна Латушка – зманціраваць відэа, падштурхнулі да ўдзелу ў конкурсе і пастаянна былі побач у час падрыхтоўкі і выступленняў Алена Міхайлаўна Саўчыц і Валянціна Міхайлаўна Белашэвіч, я вельмі ўдзячна ім за падтрымку.

Не спадзявалася, што так спадабаецца абласны этап конкурсу. Пасля першага іспыту крыху засмуцілася, але, калі засталіся без дарослых з іншымі канкурсантамі, паразмаўлялі, пазнаёміліся і пагрузіліся ў добразычлівую атмасферу праекта, то для сябе вырашыла, што абавязкова павінна выйграць. Калі ж пачула сваё імя сярод васьмі пераможцаў і голас мамы: “Так, Насця, ты змагла!” – то адчула сапраўдны шок, эйфарыю, уздым эмоцый, спачатку нават не верыла, што ўсё атрымалася.

З нецярпеннем чакаю паездкі на “Цягніку Памяці”. Спадзяюся ў час яе назапасіць важкі багаж станоўчых эмоцый, добрых успамінаў і новых цікавых знаёмстваў. Ведаю, што разам з намі будуць падарожнічаць маладыя людзі з Расіі, Кыргызстана, Казахстана і Арменіі, таму мару знайсці сабе “міжнародных” сяброў, пашырыць геаграфію стасункаў. Не менш цікава будзе сустрэцца з лепшымі жанчынамі Беларусі і Расіі, а таксама з нашым Прэзідэнтам. Аляксандра Рыгоравіча я ўжо бачыла на рэспубліканскім навагоднім свяце, аднак упэўнена, што новая сустрэча з кіраўніком дзяржавы дадасць у маю скарбонку яшчэ больш ні з чым не параўнальных уражанняў і карыснага вопыту.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga