Дзятлаўчанам раздавалі саджанцы ад “Карытас”

Важнае Грамадства

Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас” Гродзенскай епархіі, якая шмат гадоў рэалізоўвае ў вобласці сацыяльныя праекты, скіраваныя на падтрымку ўразлівых катэгорый насельніцтва, пабывала на Дзятлаўшчыне.

Як расказалі прадстаўнікі місіі, у нашым раёне яны рэалізавалі адзін з папулярных праектаў – зімовая дапамога, або “Хоўп”, па забеспячэнні насельніцтва саджанцамі. Гэта ўжо трэці этап праекта, бо некалькі сезонаў запар добраахвотнікі “Карытас” развозяць па вобласці маладыя пладовыя дрэўцы і кусты. Раздаюць іх бясплатна, каб жыхары сельскай мясцовасці – пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, маламаёмасныя грамадзяне змаглі ўмацаваць свае гаспадаркі, амаладзіць сады на ўчастках.

На Дзятлаўшчыну прадстаўнікі місіі прывезлі 118 камплектаў пасадачнага матэрыялу, куды ўвайшлі па 5 яблыневых дрэўцаў і 5 ягадных кустоў – гэта галубіка, чорныя і чырвоныя парэчкі, агрэст. Падобнай падтрымкай ужо былі ахоплены Ашмянскі, Астравецкі, Шчучынскі, Гродзенскі раёны, цяпер чарга за Дзятлавам і Мастамі.

Мэтавую катэгорыю місіянеры з “Карытас” звычайна знаходзяць праз рэгіянальныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе дакладна ведаюць усіх, хто ў раёне мае асаблівую патрэбу ў падтрымцы, таму лягчэй сфарміраваць неабходны пакет дакументаў і ажыццявіць работу хутка і вынікова. Супрацоўнічаюць і з каталіцкімі прыходамі.

Як удакладніла спецыяліст Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Алена Якаўчык, у нашым раёне дабрачынны праект быў рэалізаваны да Дня сям’і. А таму ўладальнікамі бясплатных камплектаў пладовых саджанцаў у першую чаргу сталі атрымальнікі паслугаў Цэнтра – наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” і для людзей пажылога ўзросту, а таксама шматдзетныя сем’і, якія прымаюць удзел у фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.

Новыя гаспадары набораў дрэўцаў і кустоў падзяліліся сваімі ўражаннямі ад падарункаў.

Алена Рак:

– Настрой цудоўны. Заўсёды прыемна атрымліваць падарункі, асабліва такія карысныя. Высаджу дрэўцы і кусты на ўчастку, буду даглядаць. Няхай у далейшым яны радуюць дзяцей сакавітымі яблыкамі і вітаміннымі ягадамі.

Ядвіга Гушча:

– Вельмі рада такой падтрымцы, хоць яна была крыху нечаканай. Прыемна, што паклапаціліся пра нас, ветэранаў працы. Спадзяюся, усё прымецца і праз год-два пачне радаваць добрымі пладамі. Удвая прыемна адчуваць такі клопат пра нас.

У мяне чацвёра ўнукаў, чакаем праўнучку, таму есці яблычныя пірагі і ягаднае варэнне ёсць каму. Я ж вельмі люблю ўсім гэтым займацца і частаваць блізкіх людзей.

Ала Кучынская:

– Падарункам вельмі задаволена, бо ён будзе радаваць не толькі мяне, але і двух маіх сыноў, чацвёра ўнукаў і праўнучку. Мне 70 гадоў, 50 з якіх я прысвяціла працоўнай дзейнасці і з’яўляюся ветэранам працы. Да гэтага часу стараюся весці актыўны лад жыцця, спяваю ў хоры ветэранаў, наведваю аддзяленне ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, а дома клапачуся пра сад і агарод, вядома ж люблю рабіць нарыхтоўкі на зіму. Пра гэта ведаюць мае дзеці і сябры, любяць імі частавацца, таму калі саджанцы дадуць плады, разам за чаем будзем радавацца добраму ўраджаю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga