Дзелавы панядзелак. Каб вясна была без непрыемных сюрпрызаў

Важнае Улада

Тэмы супрацьпажарнай бяспекі і бяспекі ў час святаў, масавых мерапрыемстваў – адны з асноўных, якія гучалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага. Таксама ўзнімаліся пытанні навядзення парадку на зямлі, сельскагаспадарчых поспехаў і недапрацовак, сцэнарыяў майскіх святаў.

Час павышанай рызыкі

У ратаўнікоў насычаны прафілактычны месяц – з 10 красавіка стартавала акцыя “За бяспеку разам!”. У рамках яе пройдуць мерапрыемствы, мэта якіх – зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца з-за невыканання грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі ў жылых будынках і збудаваннях, прывіццё ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем.

Акрамя гэтага, Андрэй Садоўскі даручыў супрацоўнікам РАНС надзяліць больш увагі ведамаснаму жыллю:

– Яго не так многа засталося ў раёне, аднак трэба і там трымаць на кантролі стан электраправодкі, сістэмаў ацяплення, увогуле, умовы пражывання дзятлаўчан.

Таксама гаварылі пра неабходнасць папярэджання палаў, узгадалі, чым скончылася леташняе выпальванне сухой расліннасці ў Мастоўскім раёне. Тады дачнікі запалілі смецце – загарэлася вёска Руда Ліпічанская. Пажарам было знішчана 2 жылыя дамы, 3 нежылыя і 17 гаспадарчых пабудоваў.

Сваёй бестурботнасцю і неабдуманымі ўчынкамі людзі наносяць велізарны матэрыяльны ўрон сабе і суседзям.

Паводзьце сябе прыстойна

Што датычыцца праваахоўнікаў, іх задача арганізаваць бяспеку ў час святаў: наперадзе Вялікдзень і Радаўніца па календары праваслаўнай канфесіі.

– Нагадваю адказным службам, што ўсе пад’язныя дарогі да могілкаў павінны быць прыведзены ў належны стан, аддзелу ўнутраных спраў – арганізаваць магчымасць спакойна праехаць, паставіць на стаянку аўтамабілі як у свята Уваскрэсення, так і ў Дзень памінання памерлых, – адзначыў кіраўнік раёна.

– Для аховы правапарадку дзятлаўскія міліцыянеры будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме, – расказаў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль. – На Радаўніцу з-за павелічэння патоку транспартных сродкаў месцы пахаванняў і прылеглыя тэрыторыі будуць знаходзіцца пад узмоцненым кантролем з боку дзяржаўтаінспекцыі. Хачу нагадаць дзятлаўчанам, што гэтыя месцы грамадскія, а значыць, на іх забаронена ўжыванне алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, а таксама з’яўленне ў стане алкагольнага ап’янення, якое абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць. Правапарушальнікі будуць прыцягвацца да адказнасці згодна з нормамі дзеючага заканадаўства.

Жывёлу – на пашу

На бягучым тыдні жывёлаводам раёна пастаўлена задача вывесці кароў на пашу.

– Дазваляюць ужо ўмовы пасвіць жывёлу. Хто зараз у гэта ўключыцца, той будзе мець і малако, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама пастаўлена задача разабрацца, што стала прычынай падзяжу буйной рагатай жывёлы ў КСУП “Жукоўшчына”, пры тым, што гаспадарка заўсёды адрознівалася высокай культурай жывёлагадоўлі.

Што датычыцца палявых работ, на гэтым тыдні аграрыі прыступаюць да сяўбы цукровых буракоў, ільну. Вядзецца другая падкормка азімых культур. Старшыня райвыканкама адзначыў, што заўвагаў няма толькі па двух сельгаспрадпрыемствах – “Граніт-Агра” і “Хвінявічы”. Усе астатнія спазняюцца з “вясновай падпіткай” раслін і па тэмпах пасяўных работ.

Праявіць гаспадарлівасць

На бягучым тыдні на Дзятлаўшчыне дадзены старт вясноваму сезону добраўпарадкавання і азелянення. Раённы суботнік вызначыцца некалькімі буйнымі праектамі: будзе расчышчаны і прыведзены ў годны від участак рэчкі ў райцэнтры каля помніка Іосіфу Філідовічу, работы пачнуцца з серады; напрыканцы тыдня будзе наведзены парадак у Наваельні на месцы перапахавання астанкаў мірных жыхароў, па зверску забітых фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі восенню 1942 года, і высаджана па перыметры пахавання алея туяў, а на месцы раскопак – саджанцы сасны.

Усе астатнія аб’екты суботніка вызначыць рабочая група і давядзе інфармацыю непасрэдна да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў.

– Спадзяюся, што жыхары Дзятлаўшчыны падключацца да навядзення парадку ў сваіх населеных пунктах і сумеснымі намаганнямі мы зробім наш раён утульным, чыстым і прыгожым, – падагульніў Андрэй Садоўскі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga