Самы народны сыр – на Дзятлаўшчыне

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У межах святкавання Дня горада ў Гродне прайшоў X адкрыты фестываль сыру, арганізатарам якога традыцыйна стала ААТ “Молочный Мир”.

На працягу двух фестывальных дзён адбыліся конкурсы-дэгустацыі,  па выніках якіх Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” заваяваў тры дыпломы высокай вартасці. Пра ход мерапрыемства і сыры-пераможцы расказаў дырэктар філіяла Андрэй Жыдко:

– У конкурсе паўдзельнічалі 90 узораў сырнай прадукцыі ад 10 беларускіх вытворцаў. Праграма спаборніцтваў складалася з 9 намінацый, якія ацэньвала прафесійнае журы, а таксама народнага галасавання, дзе самыя папулярныя гатункі сыру вызначалі госці фестывалю. Па выніках прафесійнай дэгустацыі нашы сыры сталі прызёрамі адразу па дзвюх пазіцыях: дыпломамі ІІ ступені былі адзначаны “Белорусское золото” (у намінацыі “Сыры, якія адносяцца да групы сыроў з нізкай тэмпературай другога награвання, фармуемыя насыпам”) і “CHESE-BUM” (у намінацыі “Сыры, якія адносяцца да групы сыроў з высокай тэмпературай другога награвання, фармуемыя насыпам”) і, што самае прыемнае, дыплом пераможцы ў народнай дэгустацыі ў падгрупе “Сыры расольныя, сыры з чэдарызацыяй” заваяваў наш “Сулугуни люкс”.

– Вашы перамогі – удача ці заканамерны вынік?

– Барацьба на фестывалі склалася сур’ёзная: у кожнай з намінацый было прадстаўлена не менш за дзясятак удзельнікаў, сярод іх – усе філіялы ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Беллакт”,  СААТ “Беловежские сыры”, Лідскі, Рагачоўскі малочна-кансервавыя камбінаты, Слуцкі сыраробны камбінат. Канкурсантаў ацэньвала незалежнае журы разам з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзімам Шагойкам і намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыяй Клімавай. Калі народныя дэгустатары вызначалі лепшыя сыры на смак і ўласны густ, то прафесійнае журы падыходзіла да канкурсантаў дэталёва і комплексна: ацэньваліся знешні выгляд, малюнак, тэкстура, кансістэнцыя на разломе і іншыя параметры. Дэгустацыя праводзілася сляпым метадам, калі камісіі прадстаўляліся толькі ўзоры сырнай прадукцыі пад нумарамі без дадатковых даных, таму яе вынікі можна лічыць неперадузятымі, а ўзнагароду тым больш важкай і заслужанай. Вельмі прыемна, што наш сыр атрымаў народнае прызнанне: прадукцыю філіяла любяць і набываюць не толькі на роднай Дзятлаўшчыне, але і далёка за яе межамі.

– Хто прымаў удзел у падрыхтоўцы канкурсантаў?

– У фестывалі ўдзельнічала дэлегацыя Дзятлаўскага філіяла ў саставе 12 чалавек, конкурсныя ўзоры рыхтавала начальнік вытворчасці прадпрыемства Вікторыя Васько. Наша каманда на фестывалі прымала ўдзел у народнай дэгустацыі і ажыццяўляла гандаль прадукцыяй у шырокім асартыменце.

– Ці можна набыць сыры-пераможцы ў Дзятлаве і якія навінкі прадукцыі чакаць дзятлаўчанам?

– Так, усе тры названыя гатункі сыру ёсць у свабодным продажы ў фірменных магазінах райцэнтра. У бліжэйшы час парадуем аматараў сырнай прадукцыі навінкамі – сырамі “Сулугуни копченый” і  “Моцарелла-пицца” тлустасцю 45 % у вакуумных упакоўках па 300 грамаў. Іх можна будзе спажываць як у гатовым выглядзе, так і выкарыстоўваць для прыгатавання страваў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga