Што трэба ведаць пра экспертызу здзелказдольнасці?

Важнае Грамадства

Тэма: у якіх выпадках экспертыза здзелказдольнасці становіцца своеасаблівай “страхоўкай”, абараняе здзелкі ад судовых цяжбаў і анулявання?

Задаўшыся пытаннем аб спадчыне, пажылыя людзі звычайна звяртаюцца да натарыуса, каб аформіць неабходныя юрыдычныя дакументы – здзелкі дарэння, завяшчання, куплі-продажу, пажыццёвага ўтрымання або проста даверанасць і пакінуць родным людзям матэрыяльныя каштоўнасці.

Пажылыя людзі часта не задумваюцца, што пасля іх смерці сваякі могуць аспрэчваць завяшчанне ці дарэнне, і гэта выльецца ў доўгія судовыя цяжбы паміж роднымі людзьмі, бо нярэдка тыя, каму не дасталіся кватэра ці дом, пачынаюць сумнявацца ў псіхічным стане спадчынадаўцы, які выказаў сваю прыжыццёвую волю не на іх карысць.

Што ўяўляе сабой экспертыза? На юрыдычнай мове – гэта вызначэнне судовымі экспертамі-псіхіятрамі магчымасцяў грамадзяніна самастойна заключаць грамадзянска-прававыя здзелкі, адпаведна – разумець значэнне сваіх дзеянняў, кіраваць імі ў пэўны юрыдычна значны перыяд.

 Сітуацыя: маці складае завяшчанне на адну з дачок. Пасля смерці спадчынадаўцы другая лічыць, што яе правы аб спадчыне парушаны і звяртаецца ў суд па прызнанне завяшчання несапраўдным, матывуючы гэта тым, што ў старэчым узросце з-за хваробаў маці не магла разумець значэння сваіх дзеянняў, іншымі словамі – была псіхічна нездаровая, калі складала завяшчанне. Псіхіятрычная экспертыза перад яго складаннем не праводзілася, таму прызначаецца пасмяротна, і пачынаюцца доўгія судовыя цяжбы паміж сёстрамі.

Сітуацыя: бацькі, не ўключыўшы ўласнае права пражывання, склалі дарэнне на кватэру свайму сыну, які пакутуе алкагольнай залежнасцю, хоча мець грошы на выпіўку, не працуе, таму мяняе двухпакаёўку на аднапакаёвую кватэру з даплатай, а бацькоў высяляе. Грошы ён траціць на спіртное і кампанію такіх жа асацыяльных людзей, а пра бацькоў забывае. Яны ходзяць па інстанцыях, патрабуюць прызнаць дарэнне несапраўдным, звяртаюцца да судовага псіхіятра з просьбай правесці экспертызу, але ўжо позна, бо гэта неабходна было зрабіць да складання дарэння.

Сітуацыя: пажылы чалавек жыве адзін, яго дзеці далёка, у іншай краіне ці горадзе, прыязджаюць рэдка, а побач ёсць маладая жанчына, якая дапамагае ў хатніх справах, і дзядуля вырашае пакінуць ёй сваё жыллё з просьбай “дагледзець яго да смерці”. А пасля смерці сваякі хутка знаходзяцца, звычайна іх нямала, пачынаюцца судовыя цяжбы з-за спадчыны, і былая памочніца спадчынадаўцы, пахадзіўшы па інстанцыях, так стамляецца маральна і псуе сваё здароўе, што ўжо не рада мець гэты дом, калі яго не адсудзілі сваякі памерлага.

Начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертызаў Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Валянцін Скрыпко:

– Як спецыяліст па судовай псіхіятрыі, раю пажылым людзям загадзя “застрахавацца” ад падобных праблем і перад тым, як заключыць здзелку ў натарыуса або да ўчынення іншых юрыдычна значных дзеянняў, правесці псіхіятрычную экспертызу – загадзя пацвердзіць свае інтэлектуальныя (псіхічныя) магчымасці пры складанні важных дакументаў, даказаць што ўсе юрыдычныя акты ажыццяўляюцца ў здаровым розуме і яснай свядомасці і гэтым засцерагчы яшчэ і людзей, якім у будучым дастанецца маёмасць.

У наш час экспертыза здзелказдольнасці даступная. Яна дазваляе вызначыць, наколькі чалавек персанальна можа ўсведамляць свае дзеянні, бо працяглыя саматычныя захворванні – артэрыяльная гіпертэнзія, хваробы сэрца і сасудаў, наступствы перанесеных інсультаў, інфарктаў, чэрапна-мазгавых траўмаў, менінгітаў у рознай ступені могуць паўплываць на функцыі памяці, мыслення, увагі, інтэлекту, эмацыянальна-валявой сферы, а значыць, адбіцца на волевыяўленні. Варта ведаць, што свабоднае волевыяўленне могуць парушыць і такія псіхічныя расстройствы, як алкагалізм, залежнасць ад наркатычных рэчываў, змяненне функцый галаўнога мозгу з-за ўзроставых змяненняў. Правядзенне экспертыз будзе мэтазгодным і для людзей з псіхіятрычным дыягназам, нават для вызначэння іх магчымасці ўступлення ў шлюб.

Судовымі экспертамі-псіхіятрамі дыягнастуецца наяўнасць ці адсутнасць псіхічнага расстройства і ацэньваецца яго ўплыў на здольнасць ажыццяўляць здзелку. Разам з тым варта ведаць, што наяўнасць псіхічнага расстройства ці дыспансерны псіхіятрычны або наркалагічны ўлік далёка не заўсёды пазбаўляюць грамадзяніна здзелказдольнасці.

Умовы правядзення экспертызы: падобныя экспертызы праводзяцца на платнай аснове па пісьмовай заяве чалавека пасля заключэння з ім дагавора і ўнясення аплаты ў аддзяленне “Беларусбанка”. Пры яго нетранспартабельнасці камісія экспертаў выязджае на дом. Заключэнне экспертызы для натарыяльнай канторы выдаецца на рукі заяўніку ў максімальна кароткі тэрмін пасля яе правядзення (найчасцей у дзень правядзення), пры гэтым захоўваецца канфідэнцыяльнасць інфармацыі, якая была атрымана пры даследаванні, а таксама сам факт псіхіятрычнага даследавання.

Заключэнне экспертызы з дадаткам захоўваецца ў архіве судова-псіхіятрычных экспертызаў на працягу пяцідзесяці гадоў і па адпаведным запыце, як правіла, суда або праваахоўных органаў і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, можа быць прадастаўлена суду і праваахоўным органам.

Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся на адрас: г. Слонім, вул. Зялёная, 14, а таксама па тэлефоне 8-01562-2-73-24 з 9 да 17 гадзін, акрамя суботы і нядзелі.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga