Асноўныя патрабаванні заканадаўства па правядзенні дзяржаўнай палітыкі ў галіне садзейнічання занятасці наймальнікам нашага раёна нагадала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік.
– Па-першае, варта памятаць патрабаванні артыкула 21 Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, які раскрывае асноўныя абавязкі наймальнікаў. Сярод іх:
– удзельнічаць у правядзенні дзяржаўнай палітыкі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на аснове выканання заканадаўства аб працы, умоваў працоўных, калектыўных дагавораў і пагадненняў;
– аказваць дапамогу ў працаўладкаванні, не дапускаючы ўстанаўлення дыскрымінацыйных умоваў, якія абмяжоўваюць гарантыі рэалізацыі права на працу, у прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі;
– прадастаўляць вызваляемым работнікам дадатковую матэрыяльную дапамогу звыш устаноўленай заканадаўствам за кошт уласных сродкаў, калі гэта прадугледжана лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі або працоўным дагаворам;
– забяспечваць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў;
– захоўваць устаноўленую бронь для прыёму на работу грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы;
– прымаць на работу грамадзян, накіраваных органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў лік броні, устаноўленай у адпаведнасці з артыкулам 11, выпускнікоў, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання) або накіравання (наступнага накіравання);
– прадастаўляць з аплатай беспрацоўным грамадзянам і тым, якія шукаюць работу, грамадскія работы згодна з пералікамі, зацверджанымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;
– ствараць працоўныя месцы для працаўладкавання работнікаў, якія атрымалі інваліднасць з-за калецтва, прафесійнага захворвання ці іншага пашкоджання здароўя, звязаных з выкананнем працоўных абавязкаў у гэтага наймальніка;
– пералічваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Дзяржаўны фонд садзейнічання занятасці.
Па-другое, важна памятаць, што наймальнік абавязаны своечасова, не пазней чым за тры месяцы, прадаставіць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і прафсаюз пісьмовую інфармацыю аб магчымых масавых вызваленнях работнікаў, якія адбываюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам (катэгорыі і колькасць работнікаў, тэрміны звальнення). Крытэрыі масавага вызвалення работнікаў вызначаюцца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Не менш чым за два месяцы да вызвалення работнікаў у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэннем колькасці або штату работнікаў трэба пісьмова апавяшчаць органы па працы і занятасці па месцы знаходжання наймальніка з указаннем прозвішча, прафесіі (спецыяльнасці), кваліфікацыі і памеру аплаты працы вызваляемых работнікаў.
Аб наяўнасці свабодных працоўных месцаў (вакансій) на працягу пяці дзён з дня іх утварэння таксама неабходна пісьмова паведаміць у орган па працы і занятасці з указаннем умоваў працы, памеру яе аплаты. Пры гэтым наймальніку забараняецца пазначаць дыскрымінацыйныя ўмовы ў звестках аб свабодных рабочых месцах (вакансіях). А вось аб запаўненні раней заяўленай вакансіі ён павінен праінфармаваць органы па працы і занятасці адразу ж у дзень яе запаўнення.
Варта памятаць і пра такі важны абавязак наймальніка, як ажыццяўленне кантролю за штодзённай яўкай на работу абавязаных асобаў, працаўладкаваных па судовай пастанове органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Калі вычарпаны ўсе меры па забеспячэнні іх яўкі на работу і выкананні імі працоўных абавязкаў, але адзначаюцца сістэматычныя прагулы, праінфармаваць органы па працы і занятасці, суд, які выконвае судовую пастанову або выканаўчы надпіс натарыуса, органы ўнутраных спраў.
Наймальнік пры прыёме на работу грамадзяніна, накіраванага органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, абавязаны ў 5-дзённы тэрмін вярнуць у орган накіраванне з указаннем дня прыёму на работу. У выпадку адмовы ў працаўладкаванні ўпаўнаважаная асоба наймальніка абавязана зрабіць у накіраванні пазнаку аб дні яўкі і прычыне адмовы, пацвердзіць яе асабістым подпісам і вярнуць накіраванне саіскальніку.
Не дапускаецца адмова наймальніка пры прыёме на работу абавязаных асобаў, накіраваных па судовай пастанове органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga