Рэгістрацыя на ЦЭ скончана, мяняць прадметы нельга

Важнае Грамадства

У маі сёлетніх адзінаццацікласнікаў чакае адказны этап на шляху ў дарослае жыццё – здача цэнтралізаваных экзаменаў.

Працэдура рэгістрацыі на ЦЭ ужо завяршылася, ці можна мяняць выбраныя прадметы?

На пытанне адказвае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) – гэта абавязковы выпускны экзамен у 11 класе. Рэгістрацыя ўдзельнікаў цэнтралізаванага экзамена ў сістэме рэгістрацыі ажыццяўлялася пунктам правядзення ЦЭ з 20 сакавіка па 5 красавіка 2024 года. Варта адзначыць, што перыяд выбару прадметаў для ЦЭ быў даволі працяглым – да 1 сакавіка, таму ў сёлетніх выпускнікоў 11-х класаў была рэальная магчымасць вызначыцца. На жаль, калі навучэнец перадумаў здаваць выбраны для цэнтралізаванага экзамена прадмет, памяняць яго пасля заканчэння рэгістрацыі паводле дзеючага заканадаўства ён ужо не можа.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для выпускнікоў 11 класаў 2024 года вызначаны даты правядзення ЦЭ ў асноўныя і рэзервовыя дні: 27 мая – па прадмеце на выбар (грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя (найноўшы час); 30 мая – па беларускай ці рускай мове.

Для тых, хто не змог паўдзельнічаць у цэнтралізаваным экзамене па ўважлівай прычыне ва ўстаноўленыя даты прадугледжаны рэзервовыя дні: профільныя навучальныя прадметы – 21 чэрвеня; руская і беларуская мова – 23 чэрвеня.

Варта ведаць, што пры паступленні ў ВНУ ў год заканчэння ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўлічваюцца вынікі двух ЦЭ, аднаго ЦТ і сярэдні бал атэстата.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga