Разам у пераадоленні сацыяльных праблем

Важнае Улада

Пад кіраўніцтвам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака ў рэжыме відэанарады з аблвыканкамамі і міністэрствамі краіны прайшло пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Сярод разгледжаных пытанняў было вывучэнне практыкі ўзаемадзеяння рэлігійных арганізацый з установамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па вырашэнні актуальных праблем грамадства.

Гродзенская вобласць прапанавала разгледзець абагулены практычны вопыт Дзятлаўшчыны, якім падзялілася дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Яна расказала аб супрацоўніцтве ўстановы з Дзятлаўскай благачынніцкай акругай.

– Мы ажыццяўляем мэтанакіраваную работу па забеспячэнні жыццядзейнасці і паўнапраўнага ўдзелу ўразлівых катэгорый у жыцці грамадства, актыўна супрацоўнічаем з рэлігійнымі арганізацыямі. На Дзятлаўшчыне пераважаюць праваслаўныя вернікі. У раёне прынята “Праграма супрацоўніцтва паміж дзяржаўнай установай “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна” і Дзятлаўскай благачынніцкай акругай”, якая прадугледжвае сумесную дзейнасць па ўсіх напрамках развіцця сацыяльнай сферы і скіравана на стварэнне спрыяльных духоўна-маральных і сацыяльных умоваў для станаўлення асобы.

Адзначаецца асаблівая запатрабаванасць узаемадзеяння рэлігійных абшчын з сем’ямі, дзе ёсць дзеці ці дарослыя з інваліднасцю. Сумесная работа царквы і цэнтра дапамагае прадухіліць сацыяльную ізаляцыю такіх людзей, адаптаваць іх да соцыуму, аказаць матэрыяльную і гуманітарную дапамогу. Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў супрацоўнічае з праваслаўным сястрынствам святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай пры храме Праабражэння Гасподняга горада Дзятлава. Правядзенне “Урокаў праваслаўя”, сумесных мерапрыемстваў, размоваў на духоўна-маральныя тэмы, паездак па святых мясцінах, удзел у выставах і конкурсах, дабрачынных акцыях, злётах праваслаўнай моладзі дапамаглі інвалідам набыць духоўную і маральную падтрымку, жаданне самастойна наведваць храм. Вынікамі работы стала і арганізацыя групаў добраахвотнікаў, якія гатовы аказваць рэгулярную бытавую і сацыяльную дапамогу людзям з інваліднасцю, а з боку настаяцеляў прыходаў ствараецца даступнае асяроддзе.

На вырашэнне задач па духоўна-маральным удасканаленні грамадства, сацыяльнай абароне, дабрачыннай дзейнасці скіраваны сацыяльныя праекты “З дабром у кожны дом”, “Благавест”, “Духоўнае ў бачным”, “Даступная школа духоўнасці”, “Адзін дзень у славу Божую”.

У грамадзян пажылога ўзросту найбольш запатрабаваны від дапамогі – сацыяльнае абслугоўванне на даму. Супрацоўніцтва профільнага аддзялення з царквой уключае больш за 20 відаў дзейнасці, сярод якіх: наведванне на даму, дапамога ў санітарна-гігіенічных мерапрыемствах, падтрымка прадуктамі, адзеннем, грашыма, апекаванне над хворымі сваякамі, кансультацыі па аказанні патранажнага догляду, дапамога ў прычашчэнні дома, удзел у сходах “Школа сацыяльнага работніка”, правядзенне семінараў-трэнінгаў “З клопатам аб бліжнім”, уборка магілаў блізкіх. Дом і кватэру самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў рэгулярна наведваюць святары, для работы сёстраў міласэрнасці актуалізуюцца спісы маламабільных жыхароў. Для актыўных пажылых людзей працуе аддзяленне дзённага знаходжання, арганізуюцца паломніцтвы, валанцёры “сярэбранага ўзросту” дапамагаюць адзінокім састарэлым, сем’ям з дзецьмі, грамадзянам у стацыянарных установах.

З благачыннем наладжана работа па падтрымцы малазабяспечаных грамадзян, сацыяльна ненадзейных сем’яў, асобаў, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, для аказання ім сацыяльнай і гуманітарнай дапамогі, духоўна-маральнага выхавання, гарманізацыі сямейных адносінаў, умацавання хрысціянскіх ідэалаў, аховы мацярынства і дзяцінства.

Актыўна ўдзельнічаем у акцыі “Дом без гвалту”, рэалізуем праект царквы і аддзялення “Пад покрывам духоўнасці” па прадастаўленні дапамогі і паслугаў пацярпелым. Патэнцыял праваслаўнай царквы спрыяе эфектыўнасці работы па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, сацыяльнага сіроцтва, алкагольнай і наркатычнай залежнасцяў. Як адзін з элементаў рэабілітацыі прапаноўваецца працоўнае паслушанне, паводзяцца размовы-роздумы.

Праекты “Дарога да храма” і “Свет міласэрнасці” ствараюць умовы для стасункаў маладога і старэйшага пакаленняў, узаемадапамогі, забеспячэння іх духоўных патрэбаў.

У 2022 годзе аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей заняло ІІ месца ў намінацыі “Натхненне” ў І міжнародным дыстанцыйным фестывалі-конкурсе праваслаўнай культуры “Адзіная Русь святая”. У І рэспубліканскім конкурсе “Свет міласэрнасці” ў намінацыі “Лепшы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” наша ўстанова стала пераможцай і адзначана дыпломам Беларускай праваслаўнай царквы і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, што паслужыла рэалізацыі новага праекта “Свецкая асоба ці духоўная” па духоўнай асвеце работнікаў сацыяльнай сістэмы раёна, асваенні імі ведаў па ўсведамленні свайго абавязку перад бліжнім.

Толькі сумеснымі намаганнямі дзяржавы, грамадства і кожнага асобнага чалавека мы можам дасягнуць станоўчых вынікаў на карысць агульных інтарэсаў, – выказала сваё меркаванне Таццяна Нікіпорчык.

Аляксанд Румак заклікаў удзельнікаў нарады актыўней запрашаць прадстаўнікоў духавенства да супрацоўніцтва пры вырашэнні такой сацыяльнай праблемы, як вяртанне да нармальнага жыцця асобаў, якія пакутуюць ад рознага віду залежнасцяў.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк расказаў, што ў гэтым кірунку прадпрымаецца ў рэгіёне:

– Навагрудская і Слонімская праваслаўныя епархіі даволі цесна працуюць з суседнімі раёнамі па рэабілітацыі людзей, якія пакутуюць ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасцяў. Варта адзначыць высокую актыўнасць з боку каталіцкага аб’яднання “Карытас”. У вёсцы Каменка Шчучынскага раёна створаны прытулак для маламаёмасных і людзей, якія страцілі арыенціры ў жыцці. Асабліва гэта важна для састарэлых грамадзян з асацыяльным ладам жыцця, у якіх ёсць магчымасць паспрабаваць пазбавіцца ад шкодных звычак.

У горадзе Гродна таксама вядзецца сур’ёзная работа з людзьмі без пастаяннага месца жыхарства не толькі па іх духоўнай падтрымцы, але і забеспячэнні харчаваннем, рэчамі першай неабходнасці. Клопаты аб ненадзейных катэгорыях на сябе ўзялі і каталіцкія прыходы абласнога цэнтра, і хрысціяне-пратэстанты.

Дзятлаўскі раён адзін з першых трансліраваў станоўчы вопыт супрацоўніцтва з духавенствам. Мы прадоўжым гэту работу, паколькі частка нагрузкі на дзяржаву за кошт дзейнасці грамадскіх і рэлігійных арганізацый зніжаецца, што ў сваю чаргу дапамагае ахапіць яшчэ большую аўдыторыю людзей, якім неабходна падтрымка.

– Сацыяльнае служэнне царквы сапраўды павінна праяўляцца ў практычнай рабоце, – падвёў вынікі абмеркавання Аляксандр Румак.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga