Кубак “Залатой шайбы” – у дзятлаўчан (+відэа)

Галоўнае Спорт і турызм

На мінскай “Чыжоўка-Арэне” адбыўся фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнта Беларусі “Залатая шайба” ў старэйшай узроставай групе, дывізіёне “Б”. Дзятлаўскі “Алмаз” дастойна прадставіў Гродзенскую вобласць, заваяваўшы першае месца. 

У першы дзень чэмпіянату наша каманда перамагла зборную Мінскай вобласці (9 : 0) і Віцебскай (33 : 1), у другі абыгралі хакеістаў з Магілёўшчыны (3 : 1).

Рашаючым і самым напружаным стаў фінальны матч з гомельскімі гульцамі, які дзятлаўчане завяршылі з лікам 1 : 1. Па выніках забітых і прапушчаных галоў “Алмаз” стаў чэмпіёнам рэспубліканскага этапу “Залатой шайбы”.

На роднай Дзятлаўшчыне юных хакеістаў сустрэлі бурнымі апладысментамі іх родныя, сябры, педагогі, землякі, нераўнадушныя да спорту.
Шмат цёплых слоў і пажаданняў прагучала на адрас чэмпіёнаў ад родных і блізкіх.

З яскравай перамогай гульцоў “Алмаза” павіншавала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка:

– Дарагія нашы дзеці, мы разам з усёй Дзятлаўшчынай глядзелі кожную вашу гульню, перажывалі за вас. Вы паказалі валявы мужчынскі характар, моцны дух і выдатную камандную гульню. Мы ганарымся вамі!

Са словамі ўдзячнасці да сваёй каманды і балельшчыкаў звярнуліся трэнеры “Алмаза”.

— Мы вельмі ўдзячныя жыхарам нашага роднага горада і раёна, якія перажываюць за нашы перамогі, разам з намі засмучаюцца няўдачам. Наша сённяшняя перамога – адна на ўсіх, яна стала вялікай і важкай, дзякуючы вам, – звярнуўся да дзятлаўчан Аляксей Петрыкевіч. – Без людзей, якія шчыра хварэюць за гэты спорт, было б не так цікава ім займацца.

– Сёння нам вельмі хвалююча знаходзіцца тут і бачыць да сябе такую ўвагу. Мы адчувалі вашу падтрымку на працягу ўсіх гульняў чэмпіянату і самым важным для нас было апраўдаць вашы чаканні. Вельмі разлічваем, што такі значны вынік стане добрым стымулам для развіцця не толькі аматарскага хакея на Дзятлаўшчыне, але і іншых відаў спорту. Лічу, што практычна ў кожнай установе адукацыі нашага раёна знойдуцца свае зорачкі, якія папоўняць і ўзмоцняць наш “Алмаз”, будзе новае таленавітае пакаленне хакеістаў, — далучыўся да яго словаў Дзмітрый Ёда.

З заслужаным чэмпіёнствам юных хакеістаў павіншавалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Міхаіл Барук, дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. Яна ўручыла ўдзельнікам каманды “Алмаз” памятны фотаздымак з рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Не менш прыемным падарункам для чэмпіёнаў стаў салодкі пачастунак, які разам з бацькамі падарыла юным гульцам раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.

Капітан каманды “Алмаз” Уладзіслаў Касцюкевіч расказаў, якой няпростай была перамога ў “Залатой шайбе”:

– Сёння нас чакалі дзве няпростыя гульні, на апошнюю з гомельскімі “Вогненнымі рысямі” мы доўга настройваліся, бо разумелі, што з імі будзем спрачацца за лідарства. У фінале сапернік павёў з лікам 0 : 1, але мы змаглі сабрацца і рэалізаваць свой момант. Вельмі дапамагла падтрымка таварышаў па камандзе і парады трэнераў. Гэта апошні год, калі я выступаю на “Залатой шайбе”, таму для мяне асабліва важна было паставіць прыгожую кропку, і гэта атрымалася. Асобны дзякуй балельшчыкам за тое, што перажывалі за нас, і за такі цёплы прыём.

Разам з юнымі хакеістамі ў Мінск ездзілі іх блізкія, у ліку якіх Аксана Іванчык – матуля аднаго з самых малодшых гульцоў “Алмаза” Мацвея Іванчыка. Яна падзялілася сваімі эмоцыямі:

– Наш сын – самы малодшы ўдзельнік каманды, яму хутка споўніцца 11 гадоў. Аднак ён ужо чацвёрты год займаецца хакеем, і на ўсіх спаборніцтвах мы разам з ім. З таго часу як Мацвей ездзіць з камандай на “Залатую шайбу” ў Мінск, нашы перамагаюць, таму яго называюць талісманам каманды. Мы ў гэта верым, таму будзем упарта трэніравацца, прадаўжаць удзел у спаборніцтвах і верыць у каманду.
Сваю перамогу на “Залатой шайбе-2023” юныя хакеісты прысвяцілі сваім бацькам, Дзятлаўшчыне і таварышу па камандзе Кірылу Урбановічу.
Наталля АВЯРЧУК 
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga