Пра людзей харошых. Жыць з адкрытым сэрцам

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У жыхаркі горада Дзятлава Ірыны Варабей сэрца заўсёды адкрыта для Бога і людзей.

Усе, хто ведае Ірыну Іванаўну, адзначаюць, што яна шчыры, спагадлівы, добры чалавек, здольны ў цяжкую хвіліну працягнуць руку дапамогі.

Родам Ірына Варабей (у дзявоцтве Савосік) з Зэльвеншчыны, з вялікай дружнай сям’і, дзе гадаваліся пяць дзяўчынак, але большую частку свайго жыцця жанчына правяла на Дзятлаўшчыне, куды прыехала працаваць па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума.

– Аб дзяцінстве ў мяне засталіся самыя светлыя ўспаміны, – расказвае Ірына Іванаўна. – Мае бацькі былі неадукаванымі, але добрымі і працавітымі людзьмі, шчодра адоранымі жыццёвай мудрасцю. Нас, дзяцей, яны таксама навучылі старанна працаваць, верыць у Бога, дапамагаць людзям. Думаю, што менавіта дзякуючы сямейнаму выхаванню ў мяне на працягу жыцця было шмат сяброў.

У Дзятлава, якое стала для мяне другім домам, я трапіла па размеркаванні – працаваць бухгалтарам у прадстаўніцтва Белдзяржстраху, затым усе трыццаць гадоў свайго працоўнага стажу аддала менавіта гэтай арганізацыі.

У нашым горадзе Ірына Іванаўна сустрэла наканаванага ёй Богам чалавека. Цікавай была гісторыя знаёмства дзяўчыны з яе будучым мужам Аляксандрам Мікалаевічам, з якім, дарэчы, разам пражылі амаль паўстагоддзя. Так сталася, што для Ірыны, на той час маладога спецыяліста, адразу не знайшлося кватэры ў райцэнтры, адшукаць жыллё ў Дзятлаве ёй дапамагала калега. У рэшце рэшт дзяўчыну прытулілі Любоў Вікенцьеўна і Уладзімір Лявонцьевіч Дубекі – гэта і былі сваякі яе другой палавінкі. Так, Ірына спачатку пазнаёмілася са сваёй будучай свякрухай, якая наведвалася ў госці да родных, а затым і з яе сынам Аляксандрам, які праз некаторы час папрасіў рукі дзяўчыны. За амаль пяць дзесяцігоддзяў сумеснага жыцця разам яны прайшлі праз многія выпрабаванні, у тым ліку цяжкую хваробу Ірыны Іванаўны, якая на некалькі гадоў “закрыла” жанчыну дома. Затое потым наша зямлячка пастаралася навярстаць упушчаны час. Цяпер яна рэгулярна ходзіць у храм, спявае ў хоры ветэранаў “Ветэраны ў страі”, займаецца скандынаўскай хадзьбой, з’яўляецца валанцёрам Таварыства Чырвонага Крыжа і разам з мужам наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Кіраўнік аддзялення Галіна Касцюк, яна ж старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, зазначае, што Ірына Іванаўна і Аляксандр Мікалаевіч Вараб’і яе надзейныя памочнікі. Яны ніколі не адмаўляюцца ад добрых справаў. Трэба пераапрануцца ў Снягурку і Дзеда Мароза, каб павіншаваць выхаванцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з Новым годам, – калі ласка! Трэба арганізаваць выставу творчасці, пасадзіць клумбы, добраўпарадкаваць тэрыторыю ці падрыхтавацца да конкурсу – таксама калі ласка!

У дабрачыннай дзейнасці Ірыне Варабей дапамагае яе захапленне – вязаннем на спіцах. Гэта ўменне, як лічыць жанчына, перадалося ёй ад матулі – самабытнай майстрыхі-рукадзельніцы. Ірына Іванаўна з захапленнем вяжа прыгожыя цёплыя світары, мяккія ваўняныя шкарпэткі і тапачкі. Не так даўно “партыя” яе рукатворных вырабаў накіравалася ў дом сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў аграгарадка Гезгалы, каб саграваць яго насельнікаў у халоднае надвор’е.

Яшчэ адно захапленне жанчыны – кветкі і агародніцтва. Расліны адчуваюць любоў гаспадыні і дзякуюць ёй пышным цвіценнем, добрым ураджаем. Напрыклад, сёлета на Вялікдзень у доме Вараб’ёў адбыўся маленькі цуд: за ноч зацвіла, запалымнела вялікімі ярка-чырвонымі кветкамі кана. Ірына Іванаўна вырошчвае каны на агародзе, а зімаваць іх забірае на падаконнік. Вось і павіншавала расліна гаспадыню з найвялікшым для вернікаў святам.

Тэму прыемных сюрпрызаў могуць прадоўжыць яшчэ некалькі выпадкаў з жыцця нашай зямлячкі. Адметна, што нарадзілася яна ў Дзень гумару – 1 красавіка. Таму сябры і родныя ніколі не забываюцца павіншаваць імянінніцу, варта зазначыць, што робяць яны гэта не без фантазіі. Напрыклад, летась, калі жанчына адзначала свой 70-гадовы юбілей, нечакана прыехала служба дастаўкі і ўручыла юбілярцы 35 ружаў. Затым у дзверы зноў пастукалі – даставілі накідку. Гэта былі падарункі ад сваякоў. А муж у гэты час адпачываў у санаторыі. Аднак Аляксандр Мікалаевіч таксама загадзя паклапаціўся аб падарунку – набыў і схаваў дома дзве прыгожыя праваслаўныя іконы, а ў юбілейны дзень раскрыў жонцы сакрэт, дзе ляжыць гэты падарунак.

Магчыма, дата нараджэння паўплывала на талент, якім надзелена Ірына Варабей: яна піша смешныя байкі. Іх з задавальненнем любяць паслухаць яе сябры. І гэта вельмі дарэчы, бо Ірына Іванаўна і Аляксандр Мікалаевіч – хлебасольныя гаспадары, заўсёды рады гасцям. Іх вельмі лёгка арганізаваць на добрую справу, адгукаюцца яны і на просьбы людзей, таму і суседзі, і сябры па аб’яднаннях іх любяць і цэняць.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup