22 сакавіка споўнілася 80 гадоў з таго трагічнага дня, калі невядомая беларуская вёска Хатынь была спалена разам з мірнымі жыхарамі, стаўшы для грамадскасці ўсяго свету сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, увасабленнем некалькіх соцень беларускіх вёсак, знішчаных карнікамі.
У дзень памяці і смутку каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве прайшоў мітынг-рэквіем. На свяшчэнным для дзятлаўчан месцы сабраліся прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, працоўных калектываў райцэнтра, духавенства, вучні школ горада, каб ушанаваць памяць землякоў, якія сталі ахвярамі фашыстаў у страшныя ваенныя гады.
– На месцы былой вёскі ў 1969 годзе быў адкрыты Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”, у якім захоўваецца зямля з населеных пунктаў, спаленых карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – зрабілі экскурс у гісторыю вядучыя Наталля Маліноўская і Анастасія Голуб. – Адзіны дарослы сведка трагедыі 56-гадовы Іосіф Камінскі стаў прататыпам вобраза для вядомага помніка “Няскораны чалавек”. Шасціметровая скульптура беларускага селяніна сімвалізуе чалавека, які з агню вынес цела мёртвага сына і нясе яго праз гады, прамаўляючы вечнае пракляцце любому злу на Зямлі.
Аб тым, што і ў нашым раёне ёсць вёскі-сёстры Хатыні, удзельнікам мерапрыемства нагадаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Трагічны след Вялікая Айчынная вайна пакінула і на Дзятлаўшчыне: было знішчана 7 вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні. Гэта Ліпічанская Пушча, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Трахімавічы, Гарадкі. У перыяд фашысцкай акупацыі было знішчана каля дзвюх тысяч мірных жыхароў нашага раёна. Такія трагічныя месцы, як мемарыял “Дзеці ліхалецця”, сталі для нас свяшчэннымі. Паважаныя землякі, занадта дарагой цаной дасталася нашаму народу перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Памяць аб загінулых навечна застанецца ў нашых сэрцах, мы перададзім яе сваім дзецям, каб вайна не паўтарылася.
Клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула заклікалі маладое пакаленне і дарослых заўжды помніць трагічныя старонкі нашай гісторыі і берагчы мір на Зямлі.
Абавязак сучаснікаў – свята захоўваць памяць аб загінулых, абараняць праўду аб той страшнай вайне, зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай краіны. Брацкія магілы і мемарыялы нагадваюць нам аб тым, што мы ніколі не павінны дапусціць паўтарэння падобных трагедый. У пацверджанне гэтаму дзятлаўчане ўшанавалі памяць ахвяраў генацыду хвілінай маўчання, усклалі кветкі і вянкі да мемарыяла.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga