Дзесяць правілаў бяспекі

Важнае Культура і адпачынак

Людзям пажылога ўзросту важна адчуваць клопат, але не менш важна і самім быць патрэбнымі і прыноcіць карысць.

Ахінуць увагай землякоў “залатога ўзросту”, вырашыць іх надзённыя праблемы, паклапаціцца пра бяспеку дапамагае праект сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці “Праз актыўнасць да даўгалецця”.

На гэты раз яго арганізатары з праграмай “Дзесяць правілаў бяспекі” з прадстаўнікамі службаў прафілактыкі і аўталаўкай пабывалі ў вёсках Сцяткоўшчына, Вялікія і Малыя Шастакі, Студзераўшчына, Маркавічы, Лядзіны.

Інспектар Дзятлаўскага РАНС Мікіта Кандратовіч нагадаў вяскоўцам, што самымі распаўсюджанымі прычынамі ўзнікнення любой надзвычайнай сітуацыі з’яўляюцца неасцярожнасць, абыякавасць і грэбаванне правіламі перасцярогі, пералічыў самыя актуальныя з іх.

Інфармацыяй аб магчымасці атрымання сацыяльнай падтрымкі і кваліфікаванага догляду для адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў і тых, хто жыве адзінока, падзялілася спецыяліст Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, яна ж старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Пра здаровы лад жыцця, інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні размову вяла інструктар-валеолаг райЦГЭ Наталля Юрэня.

Жыхары з цікавасцю выслухалі спецыялістаў, задалі ім хвалюючыя пытанні, а таксама атрымалі ад гасцей тэматычныя памяткі з падрабязнай інфармацыяй, як абараніць свой дом і сябе ад бяды.

Вясёлыя песні і добры настрой вяскоўцам дарылі артысты.

Ганна ХАРЛІНСКАЯ,
загадчыца сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі праекта