Усебеларуская акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”, прысвечаная Дню Канстытуцыі, стартавала 13 сакавіка.
У рамках яе напярэдадні і ў Дзень Канстытуцыі 14-гадовым беларусам па ўсёй краіне ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ ў 2004 годзе гэта патрыятычная ініцыятыва была прапанавана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, набыла шырокую папулярнасць і ператварылася ў адну з важнейшых традыцый нашай краіны. Урачыстае ўручэнне нацыянальных пашпартоў падлеткам падкрэслівае іх пераход у дарослае жыццё.
З якім настроем да атрымання свайго першага дакумента рыхтуюцца нашы маладыя землякі?
Ганна Грыцук, навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы:
– Чакаю ўрачыстасці з хваляваннем, бо атрымаю свой галоўны дарослы дакумент – пашпарт грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, яшчэ і на вялікім раённым мерапрыемстве. Для мяне гэта важна. Вучуся ў 8 класе, удзельнічаю ў многіх школьных і раённых конкурсах. Стараюся развівацца ў розных напрамках. Летась паспяхова выступіла і на міжнародным дыстанцыйным конкурсе чытачоў вершаў Аляксандра Пушкіна, які праходзіў у Маскве, была адзначана дыпломам ІІ ступені за верш рускага класіка “Дзясятая запаведзь”. Яшчэ з’яўляюся членам школьнага савета старшакласнікаў. Разам з іншымі вучнямі мы праводзім розныя мерапрыемствы, займаемся валанцёрствам.
Сваім равеснікам і моладзі жадаю любіць Радзіму, быць актыўнымі, мець уласную жыццёвую пазіцыю.
Сцяпан Лотыш, навучэнец Гезгалаўскай сярэдняй школы:
– Дзень Канстытуцыі чакаю, бо з атрыманнем пашпарта мы становімся паўнацэннымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, паўнапраўнымі членамі грамадства з усімі правамі і абавязкамі. Увогуле, стараюся быць актыўным чалавекам: захапляюся спортам, прадстаўляю сваю школу на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, футболе, удзельнічаю ў валанцёрскім руху, працоўных, экалагічных акцыях і дэсантах, грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах. Наш клас з’яўляецца пераможцам штогадовага марафону па зборы другаснай сыравіны, у якім таксама прымаю самы актыўны ўдзел. У скарбонцы маіх спартыўных узнагародаў – грамата за ІІ раённае месца па тэнісе і абласны медаль за футбол. Хаця дакладна яшчэ не вызначыўся, з чым будзе звязана мая будучая прафесія, хачу і надалей прыносіць людзям карысць. Магчыма, стану энергетыкам ці будаўніком.
Урачыстага ўручэння пашпартоў чакаю з лёгкім хваляваннем, аднак гатовы да гэтага важнага этапу ў сваім жыцці, бо стану яшчэ больш самастойным.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановамі адукацыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga