Жалезны чалавек, беларуская легенда – Сяргей Прытыцкі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

1 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча БССР, ураджэнца Гродзеншчыны Сяргея Прытыцкага.

Яго іменем названы вуліцы ў многіх гарадах Беларусі, у тым ліку ў нашым родным Дзятлаве.

Біяграфія гэтай выдатнай гістарычнай асобы ўражвае: валоданне стральбой па-македонску, прысуд адразу да двух смяротных пакаранняў, уцёкі з польскай турмы, актыўны ўдзел у партызанскім руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, стаў прататыпам вядомага кінагероя Андрэя Мяцельскага – далёка не ўсе адметныя факты, якія варта ўзгадаць сучаснікам.

Ён адзін з арганізатараў камсамольскага падполля ў Заходняй Беларусі ў 1932-1939 гадах, актывіст Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Заўзята змагаўся з польскай акупацыяй, пракладаў дарогу ў лепшую будучыню свайго народа.

Сялянскі сын з Гродзенскай губерні

Жыццё Сяргея Восіпавіча можна параўнаць з яркім вобліскам. З ранняга дзяцінства ён зразумеў, што такое любоў да Радзімы, пранёс вернасць высокім ідэалам праз увесь зямны шлях.

Яму быў усяго адзін год, калі пачалася Першая сусветная вайна. Прытыцкія з чатырма дзецьмі на руках тэрмінова пераехалі ў Пензенскую губерню. Калі вярнуліся ў родную вёску, Сяргей пайшоў у школу. Вучыўся лёгка, праяўляў да ведаў вялікую цікавасць. Але пры польскай уладзе навучанне каштавала дорага, таму ён скончыў толькі чатыры класы народнай школы. Затым навучаўся сам па кнігах і старых выразках з савецкіх газет. Марыў паступіць у гімназію, але жыццёвыя абставіны прадыктавалі іншае рашэнне – змагацца з польскімі ўладамі, прывесці свой народ да светлай будучыні.

Ён далучыўся да Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Выконваў асобныя даручэнні камсамольскай ячэйкі: разносіў падпольныя газеты, раскідваў, расклейваў лістоўкі. Прыкладам ва ўсім для яго з’яўляўся старэйшы брат Аляксандр. Саша быў членам КПЗБ з 18 гадоў, а пазней стаў сакратаром падпольнага Гродзенскага, потым Слонімскага акруговага камітэта партыі.

Абавязаны жыць

Пра Сяргея Прытыцкага даведаліся далёка за межамі яго радзімы 27 студзеня 1936 года. Яму на той момант было ўсяго 23 гады. У зале пасяджэнняў Віленскага акруговага суда ён страляў у паліцэйскага правакатара Якава Стральчука, які выдаў членаў КПЗБ. Прытыцкі страляў у даносчыка з двух рук з двух пісталетаў, параніўшы таго ў галаву. Сам быў цяжка паранены аховай у адказ, атрымаў кулі ў жывот, шыю і руку. Страляніна спынілася тады, калі ўсе былі перакананыя, што ён мёртвы. Але Сяргею Прытыцкаму было наканавана выжыць. Яго даглядалі польскія дактары па загаду ўладаў. Мэта – правесці паказальны суд, які прагучаў бы на ўвесь свет магутней, чым той інцыдэнт.

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прадстаўлены ўнікальныя сведчанні гэтага дзёрзкага замаху: куля, якая захрасла ў час перастрэлкі ў драўлянай сцяне залы пасяджэнняў суда, і камізэлька, якая была на Прытыцкім у той фатальны дзень. У ёй і сёння можна разгледзець дзірку ад кулі.

Прытыцкаму пагражала смяротнае пакаранне, але за яго разгарнуўся шырокі народны рух. 1 мая 1936 года ў Вільні адбылося дзесяць дэманстрацый з плакатамі ў яго падтрымку. Сотні камсамольцаў Заходняй Беларусі збіралі подпісы за свайго таварыша. Цэнтральны Камітэт КПЗБ наняў для абароны Прытыцкага двух вядомых кваліфікаваных адвакатаў. Нягледзячы на гэта, 30 чэрвеня 1936 года суд прысудзіў яго адразу да двух смяротных пакаранняў праз павешанне – за замах на Стральчука і за стральбу ў паліцэйскіх.

Рух у падтрымку Прытыцкага набыў міжнародны размах. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі дагэтуль захоўваецца плакат на польскай мове са словамі: “Патрабуем вызвалення таварыша Прытыцкага”. Пад ціскам грамадскасці прысуд быў зменены на пажыццёвае зняволенне.

Чаканая свабода

1 верасня 1939 года з пачаткам Другой сусветнай вайны Прытыцкі збег з польскай турмы, дабраўся да Беластока, дзе дачакаўся прыходу Чырвонай Арміі. Дзякуючы сваёй папулярнасці ён быў абраны членам Народнага сходу Заходняй Беларусі, дзе стаў адной з цэнтральных фігур.

Газета “Праўда” ў нумары за 29 кастрычніка 1939 года на першай паласе надрукавала яго прамову:

– Кіраўнікі былой панскай Польшчы спрабавалі ператварыць народы Заходняй Беларусі ў рабоў, пазбаўлялі іх усіх чалавечых правоў, груба, цынічна здзекаваліся з чалавечай годнасці працоўных, адабралі ў народа родную мову, закрылі беларускія школы… А наш народ, народ Заходняй Беларусі – добры, разумны, таленавіты народ. А бо наша родная краіна – Заходняя Беларусь – краіна прыгожая, багатая, якая хавае ў сабе велізарныя магчымасці.

2 лістапада 1939 года ў Маскве на пасяджэнні Вярхоўнага Савета СССР у прысутнасці першых асобаў савецкай дзяржавы Прытыцкі абвясціў заяву Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб уваходжанні яе ў састаў БССР. У той жа дзень Вярхоўны Савет прыняў адпаведны закон.

У час Вялікай Айчыннай вайны Прытыцкі ўдзельнічаў у абароне Магілёва і Гомеля, працаваў у паліт-кіраванні Цэнтральнага фронту. У студзені 1942 года стаў другім сакратаром Цэнтральнага Камітэта Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі Беларусі. У кастрычніку таго ж года – памочнікам начальніка Беларускага штаба партызанскага руху. У кастрычніку 1943-га Сяргей Восіпавіч быў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга. З сакавіка 1944 года і да канца вайны кіраваў Польскім штабам партызанскага руху. У чэрвені 1945-га быў паўторна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

З 1961 года Прытыцкі з’яўляўся членам ЦК КПСС, а ў 1968-м заняў пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і па сумяшчальніцтве стаў намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Фармальна Сяргей Восіпавіч стаў кіраўніком Савецкай Беларусі. А пасля выхаду ў 1958 годзе фільма “Чырвонае лісце” – беларускай легендай. На жаль, у чэрвені 1971 года Сяргей Восіпавіч памёр ва ўзросце 58 гадоў. Без перабольшвання можна сказаць, што ў гісторыю ён увайшоў як адзін з нацыянальных герояў беларускага народа, пакінуўшы пра сябе светлую памяць.

Народны паэт БССР Якуб Колас казаў пра яго:

– Прытыцкі ўжо ўпісаны ў гісторыю Беларусі. У гэтай гісторыі будуць свае прылівы і адлівы, яна можа мець у розны час розную афарбоўку, але Прытыцкі ўсё роўна застанецца ў памяці народнай. Таму што такія яркія самародкі з глыбінь народных вылучаюцца не так ужо і часта.

Падрыхтавала да друку Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga