Вайна ў Афганістане – страшная, жорсткая, незнаёмая. Яна доўжылася ўдвая больш за Вялікую Айчынную, пакінула глыбокі след на душах некалі маладых салдат, якія здолелі вярнуцца дамоў, прынесла боль матулям, якія не дачакаліся з арміі сваіх любімых сыноў.
Напярэдадні чарговай гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана супрацоўнікі раённай бібліятэкі запрасілі землякоў на літаратурна-музычную сустрэчу пад назвай “Адвага, Радзіма і гонар”, каб разам узгадаць падзеі той вайны.
За час баявых дзеянняў у далёкім Афганістане пабывалі 130 ураджэнцаў Дзятлаўшчыны. На жаль, не ўсе з іх змаглі вярнуцца дадому. Кожны год у лютым воіны-інтэрнацыяналісты і жыхары нашага раёна ўшаноўваюць памяць Аляксандра Шылава з гарадскога пасёлка Наваельня і Дзмітрыя Лазовіка з вёскі Малая Палонка, якія гераічна загінулі, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак, і пасля смерці былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
– Сёння ім бы вырошчваць хлеб, будаваць дамы, вучыцца, працаваць. Але гэтаму ўжо ніколі не збыцца. Нашы юнакі выканалі свой воінскі абавязак. За намі, жывымі, – доўг памяці аб тых, хто вярнуўся ў “чорным цюльпане”, каб знайсці вечны спачын на гарадскім або вясковым пагосце; доўг спагады і падтрымкі іх няшчасным бацькам; доўг дапамогі тым, у каго паранена душа. Мы, сучаснікі, будзем помніць аб гэтым, – узгадалі вядучыя і запрасілі ўшанаваць памяць загінулых хвілінай маўчання.
Памяць воінаў Афгана не адышла, а прабілася вершамі і песнямі, якія дагэтуль спяваюць пад гітару падлеткі, кнігамі і мемуарамі, што занялі сваё месца на выставе, падрыхтаванай для ўдзельнікаў мерапрыемства. Падрабязней пазнаёміцца з імі дзятлаўчане змогуць, наведаўшы бібліятэку.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga