А ты носіш флікер?

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

За мінулы перыяд бягучага года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці зарэгістравана 88 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, у якіх 14 чалавек загінулі і 76 атрымалі траўмы.

У Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны 2 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам веласіпедыстаў, у якіх веласіпедысты загінулі.

У цемры чалавечае вока ўспрымае толькі 5% ад таго, што здольна ўспрыняць днём. Таму менавіта ў асенне-зімовы перыяд фіксуецца шмат дарожных аварый, сярод якіх пераважная большасць – гэта наезды аўтатранспарту на пешаходаў і веласіпедыстаў. Асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца праблема своечасовага выяўлення вадзіцелем пешаходаў і веласіпедыстаў на праезнай частцы дарогі ў цемры, асабліва калі яны апрануты ў цёмную вопратку, якая зліваецца з дарогай і наваколлем. У гарадскіх умовах гэта праблема ўскладняецца інтэнсіўным святлом фараў ад сустрэчнага транспарту. А вось святлоадлюстроўваючыя элементы заўсёды відаць. Дождж і туман для іх не перашкода.

Варта зазначыць, што супрацоўнікі ДАІ асаблівую ўвагу звяртаюць на выкананне патрабаванняў Правілаў дарожнага руху па выкарыстанні пешаходамі ў цёмны час сутак святлоадлюстроўваючых элементаў, а таксама абсталяванні веласіпедаў святловяртальнікамі. На веласіпедзе, які рухаецца па дарозе ў цёмны час, абавязкова павінны быць: спераду  –  фара (ліхтар) з лямпай белага колеру, ззаду – ліхтар чырвонага колеру.

За ігнараванне гэтых патрабаванняў Правілаў дарожнага руху Адміністрацыйны кодэкс прадугледжвае адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічыняў. Калі парушальнік знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, то яго чакае штраф у памеры ад 3 да 5 базавых велічыняў.

Таксама нагадваем, калі вы на праезнай частцы дарогі ў цёмны час сутак убачылі пешахода, веласіпедыста або возчыка без святлоадлюстроўваючага элемента і (або) які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, пагражае бяспецы дарожнага руху, неадкладна паведаміце пра гэта па па тэлефоне 102. Магчыма, вы сваім званком выратуеце чыё-небудзь жыццё.

Аляксандр МУХА,
дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ