Землякі. Шляхі, апаленыя Афганістанам

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Зусім хутка 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У гэты дзень больш за 30 гадоў таму апошнія савецкія часці былі выведзены з Рэспублікі Афганістан. У савецка-афганскай вайне прымалі ўдзел многія нашы землякі. Адзін з іх – жыхар горада Дзятлава, ветэран-афганец Аляксандр Юргель, які праходзіў тэрміновую службу ў паветрана-дэсантных войсках вадзіцелем падвозу боепрыпасаў трэцяй батарэі з 1987 па 1989 год.

У кастрычніку 1986 года васямнаццацігадовага Аляксандра прызвалі ў армію. Пасля праходжання медыцынскага агляду, псіхалагічнага і спартыўнага адбораў юнака адправілі ва Учкурганскі аўтамабільны вучэбны цэнтр, які знаходзіўся за дзесяць кіламетраў ад узбекскага горада Фергана. Праз шэсць месяцаў у маі 1987 года малады салдат апынуўся ў Афганістане, дзе спачатку, нягледзячы на ​​пройдзены курс маладога байца, ён не быў гатовы да службы ў новых умовах і адчуваў сябе навабранцам, бо прыходзілася спасцігаць усё нанова. Акрамя ваджэння і абслугоўвання баявой тэхнікі, воін-інтэрнацыяналіст вучыўся разбіраць міны і выбуховыя пасткі, якія былі далёка не рэдкасць на гэтай вайне: небяспека зыходзіла як ад звычайнай каробкі і ручкі, якія адзінока ляжалі на дарозе, так і ад гарбуза і вінаграднай лазы, якія хацелася сарваць. Падчас службы Аляксандр Юргель прыняў удзел у васьмі баявых аперацыях: “Магістраль”, “Блакітныя берэты” і іншыя. Быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” і “За воінскую доблесць”. Вайна для нашага земляка скончылася ў студзені 1989 года. Наперадзе яго чакала мірнае жыццё, у якім яшчэ шмат чаго неабходна было зрабіць.

Зараз ветэран Афганскай вайны працуе аператарам газавай кацельні ў Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир”, мае сям’ю. Жонка Таццяна працуе загадчыцай вытворчасці ў магазіне “Родны кут”. У сямейнай пары двое дзяцей. Старэйшы сын Аляксандр вучыцца ў Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы, малодшая дачка Кацярына – у восьмым класе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Аляксандр Васільевіч – вельмі цікавы і рознабаковы чалавек: у вольны час шмат чытае, любіць гуляць у шашкі. Яшчэ ў Афганістане ён прымаў удзел у шашачных баталіях са стараслужачымі, з якіх часцей за ўсё выходзіў пераможцам. З вялікім задавальненнем Аляксандр Васільевіч займаецца садоўніцтвам і агародніцтвам, ходзіць на рыбалку.

Цяжкі афганскі шлях не зламаў мужчыну, навучыў цаніць жыццё і мірнае неба над галавой. Для сучаснай моладзі ён з’яўляецца прыкладам мужнасці, стойкасці і адвагі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ