Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ладзіў Дзень беларускай кнігі “Чытаючы Радзімы старонкіˮ.
Падчас яго прайшла дыктоўка “Беларускай мовы рысы непаўторныяˮ з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і карыстальнікамі бібліятэкі. У прыемнай атмасферы ліліся цёплыя мілагучныя словы роднай беларускай мовы. Напісанне атрымалася граматнае. А быць інакш і не магло, таму што родная мова ідзе ад сэрца і рука сама піша без памылак. Застаецца толькі цёплае пачуццё ад таго, што разам са сваімі суайчыннікамі пішам “гімнˮ матчынай мове.
Вучні 11 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава разам з настаўніцай Вольгай Орсік прынялі ўдзел у конкурснай гульні “Таямніцы роднай мовыˮ. Падлеткі адправіліся ў займальнае падарожжа ў свет беларускай мовы па станцыях, якія прапанавалі сваім пасажырам цікавыя загадкі, жарты, фальклор, літаратурную крыжаванку, станцыі “Словаведыˮ і “Перакладчыкіˮ. Таксама адбылася дэманстрацыя відэаролікаў верша “Родная моваˮ і відэакліпа песні “Родная моваˮ ў выкананні Алісы Доўнар.
Удзельнікі абодвух мерапрыемстваў паўдзельнічалі ў акцыі “Чытаем беларускую кнігуˮ, падчас якой чыталі вершы беларускіх паэтаў. Была аформлена выстава-парада “Беларуская кніга – гэта цікаваˮ, бібліятэкар прапанавала наведвальнікам мерапрыемстваў Топ-10 кніг беларускіх аўтараў.
Алена ЯКАЎЧЫК,
бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga