Алкаголь і злачынствы

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Сістэматычнае ўжыванне алкагольных напояў згубна ўздзейнічае на маральны і інтэлектуальны ўзровень чалавека, выклікае антысацыяльныя, амаральныя, эгаістычныя памкненні, якія нярэдка прыводзяць да ўчынення злачынстваў.

У першую чаргу спіртное негатыўна адбіваецца на псіхіцы чалавека, пазбаўляючы яго крытычнага стаўлення да сітуацыі, таму падобныя злачынствы, як правіла, абсурдныя і жорсткія, і калі злачынца працверазее, яму бывае складана растлумачыць матывы ўчынка.

Вынікам абыякавых адносінаў да чалавечага жыцця залежнай ад алкаголю асобы, якая ўспрымае жорсткасць як своеасаблівую норму ўзаемаадносінаў у грамадстве, стала чарговае злачынства. Пракуратурай Дзятлаўскага раёна ў студзені бягучага года ў суд накіравана крымінальная справа па абвінавачванні 58-гадовага мясцовага жыхара С. у замаху на наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця грамадзяніна М.

Згодна з матэрыяламі справы, у адзін з лістападаўскіх дзён 2022 года пасля сумеснага распіцця спіртных напояў паміж абвінавачаным і М. адбыўся п’яны канфлікт, у час якога С. наўмысна, з мэтай забойства нанёс 2 удары нажом у вобласць жыццёва важных органаў пацярпелага, аднак той змог пакінуць месца злачынства.

Абвінавачаны раней неаднаразова быў судзімы, у тым ліку за менш цяжкія і злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, ён нідзе не працаваў, знаходзіўся на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў.

Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Дзятлаўскага раёна прыйшлі да высновы, што абвінавачванне абгрунтаванае і пагадзіліся з кваліфікацыяй учынку. Меру ўтрымання ў выглядзе заключэння пад варту пракурор пакінуў без змяненняў.

У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь адказнасць за замах на злачынства надыходзіць па тым жа артыкуле, што і за закончанае злачынства і прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да пятнаццаці гадоў.

Аматарам моцных напояў неабходна памятаць, што не выпітая лішняя чарка можа стаць галоўным учынкам у іх жыцці, бо засцеражэ ад злачынстваў і скасаваных лёсаў іх саміх і іх сем’яў.

Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga