На Дзятлаўшчыне ўшанавалі памяць ахвяраў генацыду

Галоўнае Улада

Вялікая Воля, Малая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Ліпічанская Пушча, Трахімавічы, Гарадкі – назвы, якія ведае кожны дзятлаўчанін, крывавыя раны гісторыі, якія не загояцца ніколі.

80 гадоў таму мірныя жыхары гэтых вёсак былі па-зверску знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гадавіну трагедыі ў вёсцы Гарадкі адбыўся жалобны мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяраў тых страшных падзей.

Каля помніка загінулым землякам ушанаваць іх памяць сабраліся прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, духавенства, грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў, навучэнцы і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Аб трагедыі вёсак нашага раёна прысутным нагадаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з чорных старонак гісторыі Дзятлаўшчыны. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі захопнікі знішчалі мірнае насельніцтва. Па звестках кнігі “Памяць” у нашым раёне было забіта 18 820 чалавек, знішчаны 23 населеныя пункты, з іх 7 – поўнасцю. Сёння мы знаходзімся на тым самым месцы, дзе ў снежні 1942 года было расстраляна 367 мірных жыхароў – жанчын, пажылых людзей, дзяцей. Да нашых дзён дайшлі ўспаміны нешматлікіх выжыўшых відавочцаў тых страшных падзей, у іх ліку Ядвіга Іванаўна Гародка. Немагчыма нават уявіць увесь боль і жах той жанчыны, якая здолела застацца жывой у час масавага расстрэлу, страціўшы ў ім траіх сваіх дзяцей і мужа.

Сёння мы бачым, як некаторыя суседнія краіны перапісваюць гісторыю ваеннага перыяду, знішчаюць помнікі савецкім салдатам, руйнуючы іх нават на месцах масавых пахаванняў. Гэта не проста адмаўленне ад свайго мінулага, а танцы на касцях, чаго мы ніколі не дапусцім у нашай краіне. Сёння мы смуткуем і ўшаноўваем памяць нашых землякоў, трагічна загінулых у час вайны і абяцаем перадаць яе наступным пакаленням, каб ведалі і шанавалі, каб ніколі не паўтарыліся на нашай зямлі тыя страшныя падзеі.

Узнеслі малітву за спачын душы ахвяраў генацыду на Дзятлаўшчыне і асвяцілі памятныя знакі настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Казлоўшчыне протаіерэй Георгій Ярмоліч і настаяцель касцёла Сэрца Ісуса вёскі Рандзілаўшчына ксёндз Андрэй Пышынскі.

Удзельнікі мітынгу-рэквіема хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяраў генацыду на Дзятлаўшчыне, усклалі кветкі і паставілі лампадкі да падножжа манумента. З такой жа місіяй яны наведалі вёску Трахімавічы.

Жалобныя мерапрыемствы адбыліся ў вёсках Вялікая Воля і Дубраўка. У іх прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, мясцовыя жыхары, навучэнцы Хвінявіцкай сярэдняй школы.

 

 

 

 

Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: