Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 19 па 25 снежня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 64 паведамленні, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненага злачынства, 16 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 46 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 22 правапарушальнікі, узбуджана 5 крымінальных спраў.

“Выхоўваў” кулакамі

Пракуратурай Дзятлаўскага раёна на жыхара адной з вёсак узбуджана крымінальная справа за катаванне. З мая па кастрычнік гэтага года хатні агрэсар у сваім доме сістэматычна біў сужыцельку. За “выхаванне” жанчыны кулакамі ён адкажа перад судом.

Зніклі тэлевізар і ікона

Праваахоўнікі адшукваюць злодзея, які пабываў у адным з нежылых дамоў вёскі Валоўнікі, пакінутым у спадчыну. Зламыснік сарваў прабой з уваходных дзвярэй і забраў з сабой ікону і тэлевізар, чым нанёс гаспадыні рэчаў урон на суму 105 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

У месенджары “Viber” крэдытаў не бяруць

Наш зямляк, 1995 года нараджэння, стаў чарговай ахвярай інтэрнэт-махляроў. Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа. Мужчына быў неасцярожны і падтрымаў перапіску з незнаёмцам у месенджары “Viber”. Невядомы махляр упэўніў яго аформіць анлайн-крэдыт, у выніку чаго пацярпелы пазбавіўся 4900 рублёў.

Ні тэхнікі, ні грошай

Нешчаслівым стаў мінулы тыдзень і для яшчэ аднаго жыхара Дзятлаўшчыны. На сайце “Куфар” мужчына знайшоў “цікавую” прапанову аб продажы трактара МТЗ і камбайна. Недарагая пакупка прывабіла пацярпелага, ён пачаў разліковую аперацыю, у ходзе якой застаўся без важкай сумы – 31 074 рублёў. Ці варта казаць, што і тэхніка так і не прыехала да нешчаслівага пакупніка. Узбуджана крымінальная справа за махлярства.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga