“Дзякуй за добрыя сэрцы!”

Важнае Грамадства

Цёплая рэйд-акцыя пад такой назвай прайшла на Дзятлаўшчыне напярэдадні Дня інвалідаў.

Яе ладзілі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і спецыялісты аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Дзятлаўскага раёна.

Як адзначылі арганізатары, асаблівыя людзі – гэта тыя, хто мае павышаную патрэбу ў шчырай увазе, клопаце, дабрыні, неабыякавых адносінах. Не кожны зямляк з абмежаванымі магчымасцямі ці аслабленым здароўем можа пакідаць дом і наведваць раённыя мерапрыемствы з-за свайго фізічнага стану і па розных іншых абставінах, а таму добры настрой трэба “даставіць” на іх адрас.

З самымі цёплымі словамі падтрымкі, падарункамі і добрымі песнямі ўдзельнікі акцыі наведалі 10 землякоў з фізічнымі асаблівасцямі і аслабленым здароўем. Маршрут пралёг праз аграгарадок Раготна, вёскі Яхноўшчына, Боркі, Горка, Вялікія Шастакі.

Адрасатам жадалі бадзёрасці духу, даўгалецця, мірнага неба над галавой, дабрабыту і ніколі не скарацца жыццёвым цяжкасцям. Кожны атрымаў салодкі падарунак ад сектара і вясёлую песню ў выкананні Ганны Харлінскай і Марыны Варган, а таксама ўнікальную мяккую цацку ручной работы. На занятках гуртка “Чароўная іголачка” іх пашылі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”, уклаўшы ў кожную частачку сваёй душы.

Усім, каго наведвалі, падзякавалі за добрае сэрца і на памяць уручылі сімвалічныя паштоўкі-сэрцайкі з надпісамі.

Нашы землякі з радасцю прынялі такія знакі ўвагі, дзякавалі артыстам і работнікам сацыяльнай сферы за тое, што не забываюць і не пакідаюць сам-насам з жыццёвымі цяжкасцямі.

Ірына СТЫРНІК