Жывы інтэлект Дар’і Бурдун

Галоўнае Грамадства

 “Я ведаю”– упэўнена можа сказаць навучэнка 7 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава Дар’я Бурдун.

Яна кінула выклік сабе, прадставіўшы Дзятлаўшчыну на аднайменным папулярным ток-шоу юных эрудытаў разам са сваёй настаўніцай Аленай Радомскай. Пакуль перадача рыхтуецца да выхаду, “як гэта было”, даведаемся з першых вуснаў.

Алена Вікенцьеўна: кожны год школы раёна атрымліваюць прапанову заявіць адораных вучняў на ўдзел у тэлепраекце “Я ведаю”, абраныя кандыдатуры пацвярджаюцца ўдзелам у інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах, праектнай і навуковай дзейнасці. У тэлеперадачы прымаюць удзел па 5 прадстаўнікоў усіх абласцей нашай краіны ў кожнай паралелі, сёлета ў пяцёрцы сямікласнікаў была і наша Дар’я.

Дар’я: была вельмі рада, што прайшла: гэта для мяне вялікі і цікавы вопыт – паехаць туды, пабачыць увесь працэс не праз тэлеэкран, а за трыбунай удзельніка.

– Як ішла падрыхтоўка?

Алена Вікенцьеўна: тэлепраект быў разлічаны на веданне школьнай праграмы да 7 класа ўключна. Здавалася б, нічога складанага і незнаёмага, аднак у перадачы любяць пытанні з падвохам, дзе трэба праявіць не толькі эрудыцыю, але і дасціпнасць. Галоўнае адрозненне ад падрыхтоўкі да алімпіяды ці канферэнцыі, што тут не завучыш. Сэнс перадачы ў тым, каб яе ўдзельнікі змаглі паказаць не тыя веды, якія “ўхапілі”, а тыя, якія адклаліся за гады вучобы, агульны ўзровень адукаванасці, гібкі розум, жывы інтэлект.

Дар’я: шчыра кажучы, немагчыма было паўтарыць адразу ўсю школьную праграму ў нюансах. Таму мы з настаўніцай глядзелі мінулыя перадачы і спрабавалі прагназаваць, што могуць спытаць там. Я паехала ў Мінск, а дома за мяне “хварэлі” бацькі, родныя і сябры, аднакласнікі і настаўнікі. Не хацелася іх расчараваць.

– Якія адчуванні ад працэсу здымак праекта?

Дар’я: гэта было вельмі цікава, хвалююча і душэўна! Нас сустрэлі ў Белтэлерадыёкампаніі, дзе мы прайшлі рэгістрацыю і трапілі ў рукі грымёраў. Спачатку я вельмі хвалявалася выступаць перад камерай, але хутка супакоілася. Адразу мы рэпеціравалі, як націскаць на кнопку, а потым пачалася сама гульня. Я не ставіла мэту перамагчы, хацелася праверыць свае веды і вытрымку. У мяне атрымалася прайсці ў другі тур. Лёгка даваліся пытанні па матэматыцы і рускай мове, гісторыі, крыху складаней – па геаграфіі і біялогіі, адчула, што ёсць некаторыя “прабелы”. Напрыклад, усе школьнікі вывучалі возера Чад, але не кожны ведае яго паходжанне. Я паўдзельнічала толькі ў двух турах, не дайшла да фіналу, але адчула, што зрабіла нешта важнае ў сваім жыцці. Гэты праект усе пакідаюць пераможцамі.

Алена Вікенцьеўна: на праекце “Я ведаю” мы мелі магчымасць пабачыць сапраўдныя “тэлецуды”: як простае на першы погляд памяшканне з дапамогай дэкарацый, святла становіцца ўтульнай студыяй, якую глядач бачыць на экране. Прыемна ўразіла арганізацыя. Усё было паэтапна, лагічна, даступна. Дзеці і педагогі атрымалі сапраўдны экскурс у розныя прафесіі на тэлебачанні ад грымёра да аператара і вядучага, убачыць работу сапраўдных прафесіяналаў. Удзельнікаў праекта ўсе падтрымлівалі, падбадзёрвалі, ствараючы сапраўды цёплую атмасферу. Запамінальнай аказалася сустрэча з вядучым Георгіем Калдуном, які сам вельмі тактычны, эрудыраваны, даваў удзельнікам цікавыя тлумачэнні па розных пытаннях. Ён з радасцю пагадзіўся на сэлфі з намі.

– Чаго атрымалася дасягнуць і што яшчэ наперадзе?

Дар’я: праект “Я ведаю” – гэта прыступка да сябе, у час яго я зразумела, што ўжо магу, а над чым яшчэ трэба працаваць. Мне вельмі падабаецца займацца музейнай дзейнасцю, атрымалася нават перамагчы ў раённым конкурсе экскурсаводаў, буду далей рыхтавацца да алімпіяды па рускай мове, асвойваць інфарматыку, бо мару стаць праграмістам. Прадоўжу вывучаць рэлігію і наведваць касцёл – гэта мне вельмі падабаецца. Буду займацца работай у гімназічным “міністэрстве” гісторыі і памяці, дзе мы вядзём даследчую дзейнасць. Таксама хачу навучыцца іграць на гітары.

Алена Вікенцьеўна: нашы гімназісты не ўпершыню ў праекце “Я ведаю”, і навучальная ўстанова ганарыцца кожным з іх. Ёсць дзеці, якія мараць патрапіць на гэту перадачу ў якасці канкурсантаў, пастараемся ім у гэтым дапамагчы.

– Дар’я, чаго пажадаеш будучым удзельнікам праекта?

– Не здавацца, старанна вучыцца, заўжды пазнаваць нешта новае і пастаянна пераадольваць сябе.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: