Асенняя пара – шчодрая не толькі на багаты ўраджай, але і адметныя даты.
Сёлета свой чарговы юбілей сустрэла жыхарка вёскі Кашкалы нашага раёна Ядвіга Іодчык. У межах праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” павіншаваць юбілярку адправілася загадчыца сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская разам з таленавітым музыкантам Чэславам Свібам і сакратаром раённага савета ветэранаў Ядвігай Гушча.
Творчы калектыў прывёз Ядвізе Генрыхаўне шчырыя пажаданні, прыемныя падарункі і ўжо традыцыйную добрую народную песню. Знаёмае ўсім беларусам “Цячэ вада ў ярок” жанчына звонка падхапіла разам з артыстамі: не толькі праспявала любімыя радкі песні, але і нагой тупнула ад душы. А затым расказала пра жыццё-быццё, сям’ю і захапленні.
– Нарадзілася я на хутары Цехавая, што каля Падвялікага, – пачынае аповед жанчына і тут жа рушыць мае стэрэатыпы пра жыццё хутаран. – У нас было вельмі весела: чатырнаццаць хат, вакол лясок, ягады, грыбы, шмат моладзі. У нашай хаце амаль штовечар грымелі танцы, песні. А мы, тады яшчэ малыя, глядзелі на старэйшых і таксама скакалі за печкай. На сяло да нас прыходзіла моладзь з навакольных вёсак са сваім баянам. На Вялікдзень абавязкова хадзілі валачобнікі.
Прасторны гасцінны дом пабудаваў сам бацька Ядвігі Іодчык, які працаваў будаўніком. Матуля была сапраўднай гаспадыняй у доме, гадавала дванаццаць дзяцей. Бацькі сваім клопатам і любоўю выхавалі ўсіх добрымі, працавітымі і дружнымі. Нават праз шмат гадоў сувязь Ядвігі Генрыхаўны з роднымі людзьмі засталася моцнай: яна стараецца часцей бачыцца з братамі і сёстрамі.
Рамантык па натуры, з маладосці яна імкнулася пабачыць розныя мясціны. Нават папрасілася ў бацькоў павучыцца тры гады ў інтэрнаце ў Навагрудку, пасля заканчэння якога вярнулася дадому. Паехала да сястры ў Труханавічы дапамагаць з дзіцем і там сустрэла свой лёс. Будучы муж Леанід Рыгоравіч упадабаў яе за весялосць і любоў да песень, якія яны разам спявалі. Пажаніліся, і мужчына прывёз маладую гаспадыню ў свой дом у Кашкалах, дзе пражылі ў шчасці больш чым паўстагоддзя, летась справілі залаты юбілей. Усе гэтыя гады разам у працы і адпачынку, душа ў душу, з добрым настроем і песняй.
– Мы з мужам вясёлыя, нам у вёсцы заўжды было добра, – расказвае юбілярка. – Тут усе дружныя, усё па-суседску. Мы ж ні адных танцаў, хрэсьбінаў, вяселля не прапусцілі! Днём муж адробіць на трактары, а ўвечары разам ідзём на гулянку. Шкада, што цяпер усё заціхла…
Ядвіга Генрыхаўна таксама шмат працавала: спачатку ў сталовай, пасля паштальёнам, даглядчыцай за жывёламі ў мясцовай гаспадарцы. Але знаходзіла час і для стварэння хатняй утульнасці, сваіх захапленняў. Усё ў вясковым доме зроблена іх з мужам рукамі з цеплынёй і любоўю. Раней трымалі вялікую гаспадарку: свіней, курэй пад сотню, карову і цялят, кожны дзень палілі ў печы, дзе гаспадыня гатавала прысмакі. Яшчэ і цяпер Іодчыкі пры падтрымцы дзяцей і ўнукаў садзяць агарод, трымаюць у парадку дом, у якім беражліва захоўваюцца рукадзельныя каштоўнасці, вырабленыя рукамі жанчыны. З маладосці Ядвіга Іодчык вельмі любіла вышываць, ткаць. Яна паказала прыгожыя дываны і посцілкі з адмысловымі ўзорамі, а таксама падзялілася сакрэтам даўгалецця:
– Трэба пастаянна рухацца і працаваць патрошку. Нават цяпер не даём сабе ленавацца, стараемся пастаянна нешта рабіць, – дзеліцца Ядвіга Генрыхаўна. – Жывём, радуемся жыццю. Сын з сям’ёй часта наведвае бацькоўскі дом, ды і мы ў яго частыя госці. Маем двое дарослых унукаў і нават праўнука, чакаем яшчэ прыбаўленне. Кожны раз з радасцю сустракаем у госці сваіх блізкіх, любім разам папрацаваць і павесяліцца, прыгатуем шашлычкоў, пасядзім, паспяваем.
Гады ідуць, але Ядвіга Іодчык не губляе бадзёрага настрою і жыццёвай энергіі. Нават не верыць, што дачакалася чарговага юбілею. За плячыма дзесяцігоддзі шчаслівага сямейнага жыцця, побач родныя людзі, а наперадзе яшчэ шмат добрага і цікавага.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga