Як атрымаць біяметрычныя дакументы?

Важнае Да ведама грамадзян

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць магчымасць атрымаць 2 біяметрычныя дакументы: ідэнтыфікацыйную карту (ID-карту) і біяметрычны пашпарт.

Пластыкавая ID-карта сведчыць асобу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, мае мікрасхему і электронны сродак ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі. На ёй нанесены фотаздымак ўладальніка, яго прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, грамадзянства, пол, подпіс, нумар, тып, тэрмін дзеяння. Дадатковыя звесткі, напрыклад, месца рэгістрацыі, звесткі аб шлюбе, дзецях – адсутнічаюць. Іх можна прагледзець у дзяржаўных інфармацыйных структурах і рэсурсах, доступ да якіх забяспечвае спецыяльнае прыстасаванне – счытвальнік, якое ў перспектыве з’явіцца ў кожнай арганізацыі.

Пры працаўладкаванні супрацоўнік аддзела кадраў праз ID-карту можа сабраць усю неабходную інфармацыю для афармлення чалавека.

За кошт выкарыстання асабістага электроннага лічбавага подпісу ID-карта дазваляе ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеянні праз партал Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. У прыватнасці, уладальнікі карт могуць дыстанцыйна заказваць і афармляць неабходныя даведкі, выпіскі, іншыя дакументы.

Пры першым атрыманні ID-карты трэба звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі з заявай (яна фарміруецца аўтаматычна), а пры замене – у любое падраздзяленне Беларусі. З сабою мець даведку аб аплаце працэдуры і дакумент, які сведчыць асобу, для непаўналетніх – пасведчанне (дакумент аб нараджэнні заяўніка).

Для грамадзян, якія дасягнулі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту і інвалідаў І-ІІ групаў кошт паслугі складае 1 базавую велічыню, для іншых – 1,5 базавай велічыні. Тэрмін выканання адміністрацыйнай працэдуры – 15 рабочых дзён з дня падачы заявы, паскораны – 10 рабочых дзён з даплатай у 1 базавую велічыню, у тэрміновым парадку – 5 з даплатай у 2 базавыя велічыні. ID-карта выдаецца з 14 гадоў тэрмінам дзеяння на 10 гадоў або з моманту нараджэння пры жаданні законных прадстаўнікоў на 5 гадоў.

Біяметрычны пашпарт – гэта дакумент, які сведчыць асобу пры выездзе за мяжу. У яго “убудавана” спецыяльная мікрасхема-чып з фотаздымкам уладальніка і яго данымі. Атрыманне пашпарта магчыма пасля атрымання ID-карты. Дакумент выдаецца па жаданні грамадзяніна ці законных прадстаўнікоў дзіцяці з моманту нараджэння і да 14 гадоў – на 5 гадоў, пасля 14 – на 10 гадоў. Аформіць пашпарт можна адначасова з ID-картай. Заява фарміруецца аўтаматычна пры аплаце ў сістэме ЕРИП, кошт – 2 базавыя велічыні, а для непаўналетніх да 14 гадоў, грамадзян, якія дасягнулі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту і інвалідаў І-ІІ групаў – 1,5 базавай велічыні, для тых, хто знаходзіцца на поўным дзяржзабеспячэнні – бясплатна. Тэрмін выканання адміністрацыйнай працэдуры – 15 рабочых дзён з дня падачы заявы, паскораны – 10 рабочых дзён з даплатай у 1 базавую велічыню, у тэрміновым парадку – 5 з даплатай у 2 базавыя велічыні.

Графік работы групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

аўторак, пятніца – з 8 да 13 і з 14 да 17 гадзін;

серада – з 11 да 15 і з 16 да 20 гадзін;

чацвер, субота – з 8 да 13 гадзін.

Андрэй ЮШКЕВІЧ,
начальнік аддзела прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga