Спорт падлеткам на карысць

Важнае Спорт і турызм

У рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Падлетак” на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе.

СКМ “Падлетак” скіравана на прафілактыку правапарушэнняў сярод непаўналетніх і прывіццё ім здаровага ладу жыцця, таму сярод мэтаў акцыі – прывабіць да карыснай занятасці як мага больш непаўналетніх раёна, у тым ліку тых, з кім вядзецца індывідуальная прафілактычная работа.

На гэты раз на міні-футбольнай пляцоўцы сустрэліся тры каманды юнакоў 2007-2009 гадоў нараджэння. Перад пачаткам спаборніцтваў іх павіталі спецыялісты службаў прафілактыкі Дзятлаўшчыны.

Футбольныя баталіі ладзіліся пры падтрымцы Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, у якасці іх галоўнага суддзі быў запрошаны трэнер-выкладчык па футболе Уладзімір Ганчар. Вітаючы юных спартсменаў, ён расказаў, якія секцыі працуюць на базе ДЮСШ і як у іх запісацца.

Якія яшчэ віды карыснай занятасці ёсць у нашым раёне, навучэнцам расказалі прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Старшы інспектар па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Павел Бараноўскі і ўчастковы інспектар ІСН Мікалай Філіповіч  папярэдзілі аб адказнасці за супрацьпраўныя паводзіны і нагадалі патрабаванні заканадаўства.

Актыўней далучацца да студатрадаўскага, валанцёрскага руху і іншых добрых справаў на карысць сваёй краіны маладых людзей заклікала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Футбольная гульня даставіла як спартсменам, так і балельшчыкам зарад бадзёрасці і прыемныя ўражанні. Перамагла каманда “Дынама”.

Ад раённага камітэта ГА “БРСМ” усе маладыя футбалісты атрымалі салодкія прызы, а каманда-пераможца яшчэ і грамату.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены інспекцыяй па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga