Так званая “база дармаедаў” у Беларусі абнаўляецца раз на тры месяцы, у гэты спіс заносяць не занятых у эканоміцы краіны грамадзян.
Урад унёс карэкціроўкі пастановай ад 28 верасня 2022 года № 651 у пункт 3 Палажэння аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне ў гэтых мэтах дзяржаўных органаў і арганізацый.
Новаўвядзенні будуць дзейнічаць з 1 снежня 2022 года.
Так, да занятых у эканоміцы будуць адносіць членаў саветаў дырэктароў (наглядальных саветаў) гаспадарчага таварыства пры ўмове, што яны павінны атрымліваць узнагароды ад кампаніі (дывідэнды).
У спіс “дармаедаў” цяпер рызыкуюць патрапіць грамадзяне, якія выконваюць работы, аказваюць паслугі або ствараюць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці паводле грамадзянска-прававых дагавораў, калі яны не атрымліваюць за гэта адпаведнае ўзнагароджанне.
Змены закранулі і шматдзетных бацькоў. Раней ад статусу “дармаедаў” вызваляліся грамадзяне, якія з’яўляюцца маці (мачахай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. У абноўленым варыянце гэты пункт падзялілі на дзве часткі і з другой скасавалі згадку пра бацьку. Атрымліваецца, што цяпер занятымі ў эканоміцы будуць толькі жанчыны-маці (мачахі, усынавіцелі, апекуны і папячыцелі), якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, траіх і больш непаўналетніх. Пры гэтым абодва бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, па-ранейшаму не з’яўляюцца “дармаедамі”.
З 1 мая 2021 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, аплачваюць па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў, не толькі гарачае водазабеспячэнне (падагрэў вады), але таксама цеплазабеспячэнне (ацяпленне) і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.
На дадзены момант, пакуль новаўвядзенні не ўступілі ў сілу, са спісу “дармаедаў” выключаны:
– інваліды і недзеяздольныя грамадзяне;
– асобы да 18 гадоў;
– пенсіянеры;
– грамадзяне, якія з’яўляюцца маці (мачахай) або бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) і выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, 3 і больш непаўналетніх дзяцей;
– грамадзяне, якія пражываюць у Беларусі менш за 183 дні ў годзе (доказ – штамп у пашпарце аб выездзе за мяжу);
– вайскоўцы (тэрміновай службы, рэзервісты, якія ўдзельнічаюць у зборах);
– муж і жонка вайскоўцаў, якія працуюць па кантракце;
– удзельнікі творчых саюзаў, якія займаюцца творчай работай;
– асобы пад арыштам і адбываюць тэрмін больш за 183 дні ў годзе;
– сезонныя работнікі, якія працуюць поўны сезон;
– члены або работнікі па працоўным дагаворы, задзейнічаныя ў вытворчым кааператыве або фермерскай гаспадарцы;
– уласнікі асабістай падсобнай гаспадаркі;
– студэнты дзённага аддзялення, якія атрымліваюць першую адукацыю;
– святары, члены манаскіх абшчын;
– самазанятыя, якія выплачваюць падаходны падатак;
– рамеснікі, якія выплачваюць належны падатковы збор;
– індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выплацілі падатак у памеры больш за 20 базавых велічыняў;
– адвакаты і натарыусы;
– спартсмены нацыянальных зборных каманд;
– асобы, якія атрымліваюць дзяржаўныя пенсіі або страхавыя выплаты з прычыны няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў, у тым ліку па страце карміцеля;
– беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў цэнтрах занятасці;
– беспрацоўныя ў перыяд прафесійнай перападрыхтоўкі або павышэння кваліфікацыі.
Даведацца, ці не занесены вы ў “базу дармаедаў”, можна з дапамогай адзінага партала электронных паслуг або звярнуўшыся ў камісію садзейнічання занятасці насельніцтва Дзятлаўскага райвыканкама.
Святлана ЛАТУШКА,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga