Па падказкі – у адкрытую прыёмную

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэндэнцыя нашага часу – імклівыя змяненні ў сусветнай бізнес-прасторы, якія не могуць не паўплываць на сітуацыю ў эканоміцы асобных дзяржаў.

Тэма перафармаціравання бізнес-асяроддзя, фарміравання цэнаў на айчынную прадукцыю не зыходзіць з павесткі дня і ў нашай рэспубліцы, а таму па-ранейшаму не губляе сваёй актуальнасці абласны праект “Адкрытая прыёмная для бізнесу”, распрацаваны для павышэння ўзроўню інфармаванасці прадпрымальніцкай супольнасці Прынёманскага краю.

Дарэчы, менавіта Дзятлаўшчына ў 2019 годзе стала пляцоўкай для яго пілотнага старту, цяпер наш раён сустрэў ужо 4-ю бізнес-прыёмную. Яна адкрыла свае дзверы ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Юрыдычныя асобы і прыватныя прадпрымальнікі, а таксама тыя, хто толькі збіраецца пачаць сваю справу, мелі магчымасць у форме “жывой размовы” задаць узніклыя пытанні, агучыць праблемы і прапановы спецыялістам землеўпарадкавальнай, пажарнай, падатковай, іншых службаў і ведамстваў вобласці і раёна.

Найбольш наведвальнікаў было каля століка спецыялістаў санітарнай службы. З якімі праблемамі сюды найчасцей звяртаюцца дзелавыя людзі, расказала загадчыца аддзела Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марыя Руфкіна.

– Марыя Мацвееўна, мінулая наша размова ў дзятлаўскай бізнес-прыёмнай адбылася больш за год таму, калі на павестцы дня галоўнай была пандэмія каранавірусу. Як цяпер?

– Сённяшняя сітуацыя не самая простая. Невядома, што складаней: ці калі на трываласць нас выпрабоўваў каранавірус, ці цяперашнія санкцыі. Зараз развіваць бізнес не так проста, таму са свайго боку мы прымаем максімальныя меры, каб было менш умяшальніцтва і меншая адміністрацыйная нагрузка на бізнес-аператараў і суб’екты гаспадарання. Забяспечыць свой дабрабыт павінны ўсе, і мы вядзём за гэтым нагляд, але метады і формы работы мяняюцца. Імкнёмся па максімуме падказаць, растлумачыць палажэнні заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, бо, як у нашай краіне будзе працаваць і развівацца бізнес, так і будзем жыць. Варта ўсё прыняць і працаваць разам. Таму мы прадаўжаем практыку выязных пляцовак – сюды дзелавыя людзі могуць звяртацца па тлумачэнне самых розных пытанняў, у адказных асобаў вобласці даведацца, як мінімальнымі затратамі не нашкодзіць, а зрабіць лепш і бізнесу, і спажыўцам.

Ва ўмовах санкцый многія імпартныя тавары не паступаюць, але пры гэтым паліцы не павінны быць пустыя, іх трэба запоўніць так, каб не было шкоды ні тым, хто будзе працаваць у гандлёвых аб’ектах і на вытворчасці, ні пакупнікам. Мы даём кансультацыі, стараемся ўсімі сіламі дапамагаць, бо цяжка ўсім. Калі падтрымліваць адзін аднаго, то будзе і здароўе, а яно – не толькі адсутнасць хваробы, але і поўны духоўны, сацыяльны, фізічны дабрабыт. Калі ў чалавека добрыя думкі, то ў яго і добрыя вынікі, і якасная работа.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся і наведвальнікі бізнес-прыёмнай.

Таццяна Юргель, загадчыца вытворчасці магазіна “Родны Кут” Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства:

– У адкрытую прыёмную звяртаюся ўжо другі раз. Тут не толькі можна атрымаць падрабязную інфармацыю, але і вырашыць пытанні. Падкажуць і пра развіццё справы, і пра новыя тэндэнцыі. Мяне хвалявалі пытанні прафесійнай дзейнасці: рэалізацыі кандытарскіх вырабаў ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі, упакоўкі тавару. Атрымала грунтоўныя адказы, таму раю абавязкова карыстацца такой зручнай магчымасцю, калі ўсё побач, даступна, на адной пляцоўцы можна сустрэцца са спецыялістамі розных службаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: