Верым і ведаем

Важнае Культура і адпачынак

У Дзятлаве на базе рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў прайшоў Дзень праваслаўнай культуры, прысвечаны 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях і 30-годдзю адраджэння Навагрудскай епархіі.

У рэлігійным форуме ўдзельнічалі навучэнцы сярэдняй школы № 1 і гімназіі № 1 города Дзятлава. Ва ўстановах адукацыі працавалі пяць тэматычных пляцовак. Сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Дзмітрый Сёмуха расказаў дзецям пра тое, наколькі важным і лёсавызначальным было рашэнне нашых продкаў прыняць праваслаўную веру, пра яе ўплыў на ўклад жыцця і развіццё культуры, пра святых Беларусі, чые духоўныя і жыццёвыя подзвігі праславілі Госпада і нашу Радзіму. У рамках тэмы “Духоўнай радасці ззянне” протаіерэй Генадзь Логін пазнаёміў навучэнцаў з рэдкай выставай старадрукаваных і сучасных кніг і ікон. Дзеці даведаліся пра гісторыю напісання кніг у манастырах, асаблівасці іх афармлення, паспрабавалі чытаць тэксты на стараславянскай мове.

Кіраўнік епархіяльнага місіянерскага цэнтра іерэй Мікалай Савіцкі правёў віртуальны экскурс “Царква ў медыярэсурсах”. Разам са святаром юныя ўдзельнікі форуму наведалі сайты і блогі, дзе можна атрымаць дакладную інфармацыю аб жыцці і дзейнасці Праваслаўнай Царквы, знайсці адказы на пытанні, якія іх цікавяць.

Кіраўнікі епархіяльнага цэнтра абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў, а таксама аддзела па рабоце з моладдзю іерэі Пётр Ткачэнка і Аляксандр Грак пагутарылі са старшакласнікамі на тэму “Моладзі пра каханне і сям’ю”, прэзентавалі выставу “Моладзь – за жыццё, маральныя і сямейныя каштоўнасці”. Навучэнцам расказалі аб цноце, веры і вернасці, унутрысямейных адносінах і маральнай цэласнасці чалавека.

На майстар-класе па напісанні ікон, які арганізавалі мастакі іканапіснай майстэрні пры Свята-Благавешчанскім жаночым манастыры горада Слоніма Алена Мазанік і Наталля Фурман, дзеці даведаліся аб усіх этапах падрыхтоўкі і самім працэсе стварэння святых  выяваў, як праводзіцца іх залачэнне, вырабляюцца і змешваюцца фарбы.

На інтэрактыўнай пляцоўцы “Праваслаўе – гэта радасць” школьнікі малодшых класаў разам з метадыстам аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі матушкай Марыяй Сняжко паўдзельнічалі ў віктарынах, пагулялі, пагаварылі аб тым, як рыхтуюцца праваслаўныя хрысціяне да будучага свята – Светлага Хрыстова Уваскрэсення.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga