Маладыя дрэвы – сімвал жыцця, росквіту, дабра. У межах раённага суботніка ў Дзятлаве прайшла экалагічная акцыя “Дрэва героя”

Галоўнае Улада

У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, Дзятлаўскага РУП ЖКГ, а таксама члены моладзевага парламента.

Каб пасадзіць у памяць аб загінулых героях алею туй і рабін, з ініцыятыўнай моладдзю раёна сустрэліся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, намеснікі старшыні Ігар Кухарэвіч і Вольга Жэлезоўская, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, а таксама дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк са сваёй камандай.

Мерапрыемства пачалося з лікбеза для моладзі ад старшыні райвыканкама:

– На Дзятлаўшчыне нямала памятных мясцін, якія нагадваюць аб подзвігах і трагедыі нашага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, – расказаў Андрэй Уладзіміравіч. – Аднак цэнтральнае месца сярод іх належыць абеліску Славы, дзе пахаваны астанкі герояў, якія цаной свайго жыцця абаранялі горад Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння мы высаджваем маладыя дрэвы ў знак глыбокай пашаны і смутку аб падзеях тых часоў як сімвал міру, росквіту і веры ў сваю краіну.

Ігар Станіслававіч нагадаў, што акцыя “Дрэва героя” прымеркавана да Года гістарычнай памяці:

– Дзятлаўчане актыўна ўдзельнічаюць у азеляненні сваёй малой радзімы, нагадваючы сучаснікам і нашчадкам: мы помнім сваю гісторыю, смуткуем па ахвярах генацыду сярод мірнага насельніцтва, ганарымся подзвігам герояў і не дапусцім паўтарэння страшных ваенных падзей на роднай зямлі.

Падножжа абеліска Славы ўпрыгожылі 30 туй і 16 маладых рабін з гадавальнікаў Вензавецкага і Казлоўшчынскага лясніцтваў. Камунальнікі паклапаціліся аб тым, каб абараніць саджанцы ад стыхіі і жывёл, палепшыць іх прыжывальнасць.

Прадстаўницы моладзевага парламента, старшакласніцы гімназіі № 1 горада Дзятлава Анастасія Швец і Паліна Загдай выказалі свае ўражанні ад акцыі:

– У стварэнні і добраўпарадкаванні абеліска Славы прымала ўдзел не адно пакаленне дзятлаўчан, сёння мы таксама далучыліся да гэтай важнай справы. Вельмі рады, што нам выпаў гонар зрабіць свой уклад у захаванне народнай памяці аб подзвігу дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Маладыя дрэвы – сімвал жыцця, росквіту, дабра, чаго мы шчыра жадаем сваёй Радзіме.

Да мерапрыемства далучыліся  супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна. Яны высадзілі бярозы на вуліцы Фрунзэ ў Дзятлаве. Таксама акцыю падтрымалі ў Данілавіцкім і Новаяльнянскім сельскіх саветах, заклаўшы і абнавіўшы бярозавыя алеі ў памятных месцах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: