22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны

Важнае Улада

З гэтым днём звязана трагічная падзея, з вялікай колькасцю ахвяр.

Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна была акупіравана фашысцкай Германіяй з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 года. Лёс Хатыні зведалі 6 вёсак: Вялікая Воля, Гарадкі, Дубраўка, Трахiмавiчы, Чарлёнка, Дубароўшчына.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанская брыгада, антыфашысцкі камітэт, партызанскі шпіталь. Дзятлаўчане па праву ганарацца імем Іосіфа Філідовіча, які паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна.

9 ліпеня 1944 года г. п. Дзятлава быў вызвалены воінамі 283-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Канавалава.

Назаўсёды засталіся ў Дзятлаўскай зямлі воіны-вызваліцелі – Героі Савецкага Саюза: генерал-маёр Ян Фогель, палкоўнік Павел Пятроў, старшы сяржант Іван Фурсенка, афіцэры, байцы і партызаны, пахаваныя ў брацкіх магілах.

Памяць дзятлаўчан пра воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, увекавечана ў помніках і абелісках.

Вялікая Айчынная вайна – гэта небывалая ў гісторыі па сваіх маштабах і жорсткасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – памяць аб іх будзе жыць вечна.

Як сімвал удзячнасці і падзякі ў гэты дзень каля месцаў воінскіх пахаванняў запальваюцца свечкі, лампады.

Раённы Савет дэпутатаў
Раённы выканаўчы камітэт



Теги: