“Радон”. За 30 гадоў – у здраўніцу еўрапейскага ўзроўню

Галоўнае Улада

30-гадовы юбілей адзначыў адзін з самых вядомых курортаў нашай рэспублікі і сапраўдная “жамчужына” Дзятлаўшчыны – філіял “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.

20 кастрычніка ў санаторыі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам ансамбля скрыпачоў, майстар-класам па маляванні на пяску, работай гістарычнай экспазіцыі. Афіцыйную частку свята адкрыла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, якая перайшла ва ўрачыстае ўшанаванне калектыву і ўручэнне ўзнагародаў лепшым работнікам філіяла.

З нагоды юбілею аб адметнасцях санаторыя “Радон” расказаў галоўны доктар установы Леанід Карпішэвіч.

– 21 кастрычніка 1993 года на цырымоніі афіцыйнага адкрыцця наш санаторый быў асвечаны архімандрытам Леанідам, рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі. У гэты ж дзень здраўніца прыняла першага госця. Мінула тры дзесяцігоддзі, і па самых сціплых падліках за гэты час тут аздаравіліся 340 тысяч чалавек з Беларусі, Расіі, краін бліжняга і дальняга замежжа. “Геаграфія” гасцей вельмі шырокая: ад Сахаліна да Францыі, ад Нарвегіі да Ізраіля.

Па добрай традыцыі 30-гадовы юбілей “Радон” сустрэў навукова-практычнай канферэнцыяй з удзелам вучоных і дактароў-практыкаў, што заклала важкую інфармацыйную базу для далейшага выкарыстання пры аздараўленні і лячэнні насельніцтва. На ўрачыстым юбілейным сходзе прысутнічалі старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік Гродзенскага ўпраўлення РЦ па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Анатоль Ганчар, кіраўніцтва Белаграздраўніцы і іншыя. На адрас калектыву санаторыя гучала шмат добрых слоў. Спецыялісты былі адзначаны ганаровымі граматамі, падзячнымі лістамі, у тым ліку раённага і абласнога выканкамаў, раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Беларускага аграпрамысловага саюза, ААТ “Белаграздраўніца”, Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, іншых ведамстваў і аб’яднанняў. Узнагароды атрымалі больш за 70 чалавек, і гэта далёка не ўсе дастойныя, бо ў санаторыі працуе зладжаны, згуртаваны, вопытны, правераны часам калектыў. Стаж каля 150 супрацоўнікаў – больш за 25 гадоў, ёсць і тыя, хто працуе з дня заснавання “Радона”. Напрыклад, Уладзімір Іода, які быў кіраўніком будаўніцтва санаторыя. Быў на ўрачыстасці і былы галоўны доктар “Радона” Мікалай Мазур, які стаяў ля вытокаў фарміравання іміджу здраўніцы.

– У чым адметнасць філіяла “Санаторый “Радон”?

– Першая – гэта прыродныя лячэбныя фактары, якімі багатая дзятлаўская зямля. Тут функцыянуе адзінае ў Беларусі радовішча радонавых водаў, выкарыстоўваюцца сапрапелевыя гразі возера Дзікае. Аднак прыгожыя сцены і прыродныя багацці мала значаць без людзей, якія ўважліва і адказна адносяцца да сваёй справы. Менавіта заслуга калектыву ў тым, што больш за 70 % адпачывальнікаў прыязджаюць у “Радон” не першы раз і на многія гады становяцца сябрамі санаторыя. Развіццю інфраструктуры і аздараўленчай базы філіяла спрыяюць добразычлівыя адносіны кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна, Беларускага аграпрамысловага саюза. А якасная арганізацыйна-метадычная работа з абагульненнем вопыту ўсіх 8 санаторыяў, якія ўваходзяць у састаў адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграздраўніца”, дазваляе заставацца паспяховымі ў сферы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення людзей.

Мы стараемся крочыць у нагу з часам, маем самае навейшае лячэбна-дыягнастычнае абсталяванне. Стратэгічным кірункам работы санаторыя “Радон” быў вызначаны менавіта медыцынскі. З гэтым не памыліліся: у “Радон” людзі прыязджаюць не проста адпачыць, а абследавацца, пралячыцца, аздаравіцца. Як беларусы, так і замежныя госці, жыхары Дзятлаўскага і бліжэйшых раёнаў могуць у адной установе паправіць сваё здароўе, палепшыць жыццёвыя паказчыкі як з выкарыстаннем мясцовага эксклюзіўнага прыроднага патэнцыялу, так і за кошт ультрасучасных фізіятэрапеўтычных методык і тэхналогій.

Санаторый “Радон” мае багатую лячэбна-дыягнастычную базу і аказвае больш за трыста відаў медыцынскіх паслугаў. Тут функцыянуюць фізіятэрапеўтычныя кабінеты, кабінет лазератэрапіі, бурштынавы пакой, спелеакліматычная камера, SPA-цэнтр, цэнтр касметалогіі, сучасная клініка-біяхімічная лабараторыя для вызначэння біяхімічных параметраў, гарманальнага статусу, онкамаркёраў. Прапаноўваем кліентам такія адметныя метады, як нізкачастотная высокаінтэнсіўная магнітатэрапія на серыі апаратаў БТЛ (Велікабрытанія). Ёсць апарат высокаінтэнсіўнай магнітатэрапіі – крэсла Emsella для стымуляцыі мышцаў тазавага дна і лячэння многіх захворванняў мужчынскай і жаночай палавой сістэмы. Безумоўна, асноўны профіль “Радона” – лячэнне захворванняў косна-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, таму кірунак траўматалогіі і артапедыі карыстаецца высокім попытам. У 2022-2023 гадах шырокае распаўсюджанне атрымалі гематалагічны кірунак, эстэтычная гінекалогія. У 2023 годзе набылі новую ўльтрагукавую сістэму экспертнага класа для правядзення даследаванняў, якія даступныя не толькі для гасцей санаторыя, але і для дзятлаўчан, насельніцтва суседніх раёнаў. Дарэчы, згодна са статыстыкай, каля 25 % даследаванняў робяцца менавіта для мясцовых жыхароў. На базе санаторыя працуюць басейн і аквакомплекс з пералікам саўн і гідрамасажных джакузі, доступ да якіх адкрыты для ўсіх жадаючых. Даступныя і ўсе магчымыя віды лабараторных даследаванняў.

– Што ў планах надалей?

– Каб быць канкурэнтнымі, на дасягнутым не спыняемся. У ліку нашых найбольш маштабных стратэгічных праектаў на бліжэйшыя гады – будаўніцтва новага аквакомплексу. Гэта будзе вялікі басейн са спадарожнай інфраструктурай і атракцыёнамі. Спадзяёмся, ён стане сапраўдным падарункам не толькі для гасцей, але і для жыхароў Дзятлаўшчыны.

– Чаго пажадаеце калектыву ў юбілейны год?

– Работнікам і іх сем’ям зычу моцнага здароўя, жадаю, каб да нас прыязджалі госці, каб было мірнае неба над галавой, працвіталі “Радон”, “Белаграздраўніца” і наша родная краіна Беларусь.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены работнікамі санаторыя “Радон”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga