Любімай маме – букет пажаданняў

Важнае Культура і адпачынак

Усе мы родам з дзяцінства, і колькі б гадоў нам ні споўнілася, а слова “мама” гучыць для ўсіх з асаблівай пяшчотай.

Па-дамашняму цёплае святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня маці, падрыхтавалі артысты Дзятлаўшчыны для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Крыніца натхнення”, што працуе пры сектары нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і створана з ліку наведвальнікаў аддзялення “Праменьчык”.

Дзякуючы гасцям, на сустрэчы ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна было светла ад шчырых усмешак, гучалі самыя пранікнёныя песні пра дарагіх матуль. Свае музычныя віншаванні прысутным дарылі Сяргей Малышчык, Вольга Кузьма, Марына Варган, Ганна Харлінская, Таццяна Шостка, Ірына Бакшук. Не засталіся ў баку ад святочнай падзеі і самі наведвальнікі “Праменьчыка”: з песеннымі імправізацыямі перад гасцямі выступілі дэбютант свята Аляксей Гаспадарык і пастаянны ўдзельнік творчай самадзейнасці аддзялення Аляксандр Калодка.

Загадчыца “Праменьчыка” Алена Калюцік адрасавала прысутным шчырыя пажаданні цяпла ў сэрцах, душэўнага спакою, шчаслівага бляску ў вачах і заступніцтва Маці Нябеснай – Прасвятой Багародзіцы.

Цікавыя заданні падрыхтавала вядучая праграмы Ганна Харлінская: разам з ёю прысутныя зачытвалі віншавальныя адрасы, уручалі святочныя паштоўкі мамам, паўдзельнічалі ў віктарыне “Хто лепш ведае сваіх дзяцей?” і стварылі вялікі букет самых цёплых пажаданняў для тых, хто дорыць жыццё.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga