ГрадусПлюс. Героі “сакрэтнай” спецаперацыі

Важнае Грамадства

 За 10 месяцаў 2023 года заведзена 33 крымінальныя справы па фактах махлярства ў сетцы Інтэрнэт.

Кожны дзень праваахоўнікі Дзятлаўскага раёна атрымліваюць паведамленні аб злачынствах у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Кожнаму з нас хочацца вучыцца выключна на чужых памылках, але, вядома, так не атрымліваецца. І здараецца такое, што самыя жорсткія выпрабаванні “падкідваем” сабе мы самі па няўважлівасці, неабачлівасці, празмернай даверлівасці або залішняй упэўненасці, маўляў, “са мной гэтага дакладна не будзе”.  Але ў арсенале злачынцаў магутная зброя – эфект нечаканасці, стрэсавая сітуацыя і прыёмы псіхалагічнага ціску.

На гэты раз пацярпелай аказалася дзятлаўчанка працоўнага ўзросту, якая перадала махлярам усе зберажэнні сваёй немалой сям’і – больш за 25 тысяч беларускіх рублёў. Жанчына, якая звярнулася ў Следчы камітэт Дзятлаўскага раёна, ад шоку цэлую гадзіну не магла ўзгадаць акалічнасці здарэння, паўтараючы, што ў яе ўкралі грошы з рахунка. Калі тлумачэнні ўсё ж удалося атрымаць, высветлілася, што зламыснікі “працавалі” па класіцы. Жанчыне патэлефанаваў на Вайбер незнаёмец, прадставіўшыся следчым, расказаў, што яе банкаўская картка фігурыруе ў расследаванні шэрагу крымінальных спраў, маўляў, праз гэты рахунак падмануты шмат людзей. Мужчына папярэдзіў, што з-за гэтага фінансавыя сродкі жанчыны трэба тэрмінова задэклараваць, інакш яны могуць быць канфіскаваны на пагашэнне шкоды. Мы не ведаем у дэталях, якія аргументы прыводзіў зламыснік, аднак жанчына ўстанавіла на тэлефон праграму выдаленага доступу, прадаставіла дадзеныя рахунка, на якім захоўвалася 10 тысяч рублёў, узяла з дому наяўныя зберажэнні – 3 тысячы рублёў і 3 тысячы долараў ЗША, аднесла іх у аддзяленне Белаграпрамбанка, абмяняла на беларускія рублі, паклала на зарплатны рахунак, даныя ад якога таксама прадаставіла махлярам. Увесь гэты час пацярпелую па тэлефоне “вялі” махляры – спачатку мужчына, потым жанчына. У яе нават ценю сумнення не ўзнікла, што яна ўжо ахвяра, а не ўдзельніца сакрэтнай спецаперацыі і дапамагае следству, а таму касіру ў банку таксама нельга было паведамляць дэталі справы. Азарэнне наступіла толькі тады, калі на картках засталося па нулях. Жанчына стала падазраваць, што нарабілася, і адправілася праз дарогу – у Следчы камітэт. Па заяве, вядома, завялі справу, адправілі ўсемагчымыя запыты ў службы банка з надзеяй “перахапіць” незаконны грашовы паток. Але мы разумеем, што гэта тое ж, як шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі, станоўчы вынік малаверагодны. Вось як каментуюць сітуацыю спецыялісты.

Дзмітрый Лупач, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта:

–  На жаль, у такіх сітуацыях у пацярпелых вельмі невялікая верагоднасць вярнуць свае сродкі. Як правіла, грошы пералічваюцца за межы Рэспублікі Беларусь, у большасці выпадкаў такія злачынствы здзяйсняюцца не грамадзянамі нашай краіны. Адсюль узнікаюць складанасці з высвятленнем вінаватых асобаў. Тэрміны расследавання такіх крымінальных спраў павялічваюцца, бо даводзіцца накіроўваць запыты не толькі ў беларускія ўстановы, але і за мяжу. Каб не страціць свае зберажэнні, старайцеся не дапусціць такіх сітуацый. Калі ёсць падазрэнні, што вам тэлефануюць махляры, тэрмінова спыняйце размову.

Віталій Юрго, пракурор Дзятлаўскага раёна:

–  Аналіз крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна за 10 месяцаў 2023 года сведчыць, што 85 % ад агульнай колькасці зарэгістраваных махлярстваў здзейснены з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт або шляхам званкоў пад выглядам праваахоўных органаў, банкаўскіх установаў. Аналіз следча-судовай практыкі па справах аб махлярствах паказвае, што апошнім часам найбольш распаўсюджанымі спосабамі здзяйснення такіх злачынстваў з’яўляюцца крадзяжы грашовых сродкаў грамадзян з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак, атрыманых у ходзе званкоў грамадзянам пад выглядам супрацоўніка банка, праваахоўнага органа, а таксама пры рэалізацыі тавараў на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках. Трэба помніць, што супрацоўнікі праваахоўных органаў і банка ніколі не будуць тэлефанаваць на месенджары (вайбер, ватсап і іншыя). Звярніце ўвагу на тое, што для пераводу грашовых сродкаў дастатковы толькі нумар карткі. Нікому і ні пры якіх абставінах не паведамляйце трохзначныя CVV2 /CVC-коды, размешчаныя на адваротным баку карткі, сеансавыя паролі, коды пацверджання з СМС і іншыя дадатковыя коды, неабходныя толькі для спісання сродкаў.

****

– Ну як так, ну як можна быць такімі даверлівымі? – паківаеце вы.

А я адкажу сустрэчным пытаннем:

– А вы самі калі-небудзь размаўлялі з махлярамі?

Мне вось “пашчасціла”, калі я выпадкова заехала ў госці да сваячкі і ледзь не выхапіла тэлефон з яе рук у той час, калі жанчына ў поўным шоку расказвала, на якую картку атрымлівае пенсію, мала што нумар не назвала.

Тады я пазнаёмілася са “следчым” з вельмі агрэсіўным стылем вядзення размовы, пагрозамі АМАПам і запалохваннем турэмным тэрмінам. І нават калі напэўна разумееш, што гэта махляры, усё адно паджылкі трасуцца. Злачынцы – добрыя псіхолагі: чалавек упадае ў “ступар”, калі да яго звяртаюцца па імені і імені па бацьку. А далей вы самі прадаставіце ім нумар карткі і аформіце крэдыт.

Наперадзе – навагоднія святы, час не толькі цудаў, але і росквіту махлярства. Будзьце асабліва ўважлівымі, пастарайцеся не стаць героямі чарговага сюжэту крымінальнай хронікі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga