Жыхары Дзятлаўскага раёна працягваюць ствараць вакол сябе навагодні настрой, упрыгожваючы вокны, дамы і двары.
Гараджане практыкуюцца ў арыгінальнасці, імкнучыся стварыць сваімі сіламі сапраўдны зімовы цуд. І для гэтага варта ўзброіцца творчым палётам фантазіі і актыўнай уласнай ініцыятывай.
Сапраўдная навагодняя казка сустракае каля дома 19 па вуліцы Камсамольскай. Тут, на сваім двары, максімальныя намаганні на стварэнне святочнай пераднавагодняй атмасферы прыклала сям’я Віктара і Таццяны Удот.
Гаспадары гэтага дома аднымі з першых упрыгожылі свой двор. Яны прызнаюцца, яшчэ калі жылі ў сельскай мясцовасці, заўсёды загадзя рыхтаваліся да Калядаў і Новага года. Упершыню паспрабавалі ўмацаваць некалькі калядных упрыгажэнняў, самі не чакалі, што так спадабаецца ствараць вакол сябе чароўную атмасферу і перадсвяточны настрой. Цяпер гэта ўжо стала добрай сямейнай традыцыяй.
Прыбраныя ёлачныя галінкі, шарыкі і званочкі на ліхтарах, гірлянды на фасадах пабудоў – усё ў руках дбайных гаспадароў ператвараецца ў дэкаратыўныя святочныя кампазіцыі. Творчае афармленне прыдамавой тэрыторыі амаль завершана: ужо ўмацаваны калядныя ўпрыгажэнні і дэкарыравана ўваходная арка, падключаны гірлянды і святочная ілюмінацыя. Таксама ў навагодніх кампазіцыях знайшлі сваё месца загадзя падрыхтаваныя дэкоры з засушаных кветак і іншага прыроднага матэрыялу.
– Мы з задавальненнем бяромся за карпатлівую работу па стварэнні і ўмацаванні ўпрыгажэнняў, – дзеліцца гаспадыня дома Таццяна. – У гэты працэс актыўна далучаюцца нашы дзеці. Ідэйнага натхнення хапае – у бліжэйшым замежжы жывуць нашы родныя і сябры. Традыцыі калядных святаў там захоўваюцца пакаленнямі. Вельмі ўражвае іх актыўны падыход да ўпрыгожвання дамоў, здзіўляе маляўнічасць убранства, беражлівы падыход да традыцый святкавання Калядаў. Узімку нам усім вельмі не хапае сонца, і калі вакол усё свеціцца, на душы становіцца прыемна і цёпла. Усім жыхарам горада жадаю здзіўляць сябе, сваіх блізкіх, гасцей новымі крэатыўнымі падыходамі, і тады сапраўдная казка будзе побач на працягу ўсяго навагодняга сезона.
Да Новага года застаецца ўсё менш часу, але падрыхтоўка да святаў актыўна працягваецца. Нагадаем, што ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у традыцыйным конкурсе на лепшае навагодняе афармленне прыдамавой тэрыторыі.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ