“Дзякуй, што вы ў нас ёсць”

Грамадства Свежыя навіны

Гэтыя словы прагучалі для матуляў раёна, якія прыгарнулі пад сваё цёплае крыло дзяцей, якія па розных жыццёвых прычынах засталіся без апекі кроўных бацькоў.

У рамках пасяджэння клуба прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў “Сямейны ачаг”, які працуе на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, да Дня маці прайшло ўрачыстае пасяджэнне з сімвалічнай назвай “Сакрэт паспяховай мамы”.

“Рэцэптамі” сямейнага дабрабыту дзяліліся мамы, чые клапатлівыя рукі сталі роднымі для дзясяткаў дзяцей раёна, – Ніна Млынарчык, Людміла Асіпук-Фатон, Таццяна Сянчурына, Марына Шэлег, самыя лепшыя пажаданні былі адрасаваны яшчэ дзвюм матулям – Вользе Гушча, Але Пратас.

Вядучыя сустрэчы Кацярына Губко і Наталля Кучынская падрыхтавалі для мам шмат цікавых сюрпрызаў: відэавіншаванні ад іх дзяцей “Мама, я цябе люблю”, цікавыя пытанні на сямейную тэматыку, размовы пра захапленні, флэш-моб-пажаданне “Сонейка” і нават многімі любімы ў дзяцінстве мультфільм пра энергічную маму-малпачку, здольную рабіць мільён спраў за адну хвіліну. Былі і пранікнёныя размовы аб адносінах з дзецьмі “Дочкі-сыночкі”, вечнай праблеме бацькоў і дзяцей, няпростых сямейных сітуацыях, а яркія кветкі з заданнямі дапамаглі яшчэ больш даведацца пра сакрэты клапатлівых мам, а заадно падарыць сяброўкам самыя шчырыя пажаданні.

Віншавальную эстафету пераняла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, актывістка раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Алена Жадзейка. З пажаданнямі дабрабыту, мацярынскага шчасця і прыемных момантаў жыцця яна ўручыла матулям падарункі ад жаночай арганізацыя. Да Алены Іванаўны далучылася дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ала Жэгалік, якая разам з цёплымі пажаданнямі падарыла жанчынам такія ж сонечна-цёплыя букеты восеньскіх кветак і запрасіла на сумеснае чаяванне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga