Утульна, прыгожа, па-сучаснаму. У эксплуатацыю здалі 34-кватэрны арэндны дом у Казлоўшчыне (+відэа)

Важнае Улада

Напярэдадні дня вызвалення гарадскога пасёлка Казлоўшчына тут адбылася знакавая падзея – прайшло ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Леніна, 35.

Кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, а вось ацаніць новы жылы аб’ект можна, ступіўшы на яго дваровую тэрыторыю. Абноўленаму дому можна ставіць высокі бал: вабіць погляд яркая дзіцячая пляцоўка з арэлямі, “гарадкамі”, альтанкай і закрытай пясочніцай, дарожкі з бетоннай пліткі прывядуць наведвальніка на абсталяваную стаянку з месцам для аўто інваліда і да пад’езда, дзе, акрамя звычайнай лесвіцы, ёсць пад’ёмнік, у доме таксама ўстаноўлены адкідныя поручы з заездам і ліфт, гэта значыць, поўнасцю забяспечана безбар’ернае асяроддзе. Калі дадаць да ўсяго “зашытыя” шклом балконы, зашклёную ўваходную групу, светлыя колеры ў афармленні – агульная “карціна” набывае сучасны прывабны выгляд. Безумоўна, атрымаць ключы ад арэнднай кватэры ў гэтым доме будзе прыемна і пажадана для любога жыльца.

Урачыста прыняць абноўлены жылы аб’ект у будаўнікоў прыехала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, кіраўнікі адказных службаў і арганізацый, да прыемнай падзеі далучыліся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка і гарпасялкоўцы, святочную праграму падрыхтавалі мясцовыя работнікі культуры.

– Прыемна, калі будуецца і рамантуецца жыллё, – звяртаючыся да прысутных адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – У нас з’явілася магчымасць увесці ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі жылы дом у Казлоўшчыне – даволі вялікім гарадскім пасёлку нашага раёна, дзе ёсць такія прадпрыемствы, як ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскае ПМС, аб’екты сацыяльнай сферы – школа, бальніца, псіханеўралагічны дом-інтэрнат, іншыя. Дзякую будаўнікам, рукамі якіх зроблена такая прыгажосць, словы падзякі адрасую абласному кіраўніцтву ў асобе намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Дзяшко, старшыні камітэта архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама Міхаіла Петуха, дырэктара УКБ Слонімскага раёна Людмілы Заяц. Хочацца, каб будучыя жыльцы беражліва адносіліся да маёмасці, якая абыйшлася ў 3 мільёны 400 рублёў, а значыць, прыкладны кошт кожнай з 34 кватэр 100 тысяч рублёў. Будучым навасёлам жадаю, каб іх жыццё тут было камфортным і ўтульным, для гэтага створаны ўсе ўмовы, каб гэты дом заўсёды быў напоўнены дзіцячым смехам, добрым настроем, сябрамі і суседзямі.

– Аб’ект адрамантаваны за кошт абласных бюджэтных сродкаў, – расказала дырэктар УКБ Слонімскага раёна Людміла Заяц. –  Будынак пэўны час не эксплуатаваўся, таму спецыялістам давялося прыкласці намаганні, каб стварыць камфорт для людзей. Тут ёсць арэндныя і сацыяльныя кватэры. Усім жыльцам гэтага дома жадаю шчасця, каб кожны квадратны метр іх кватэр прыносіў толькі утульнасць і задавальненне.

– Сіламі Лідскага ПМК № 169 узводзяцца шматпавярховыя дамы, будынкі сацыяльнай сферы, малочнатаварныя фермы, – адзначыла намеснік па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Лідзія Сям’ён. – Гэты прыгожы дом наша арганізацыя дорыць гарадскому пасёлку Казлоўшчына. На Дзятлаўшчыне гэта наш першы будаўнічы аб’ект, але мы спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва. Дом рэканструяваны ў сціслыя тэрміны, няхай ён прынясе жыльцам дабрабыт, дастатак і мір.

Прыемным момантам урачыстасці стала цырымонія ўзнагароджання. Андрэй Садоўскі ўручыў памятныя падарункі Лідзіі Сям’ён і Людміле Заяц. Падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама ўзнагароджаны работнікі Лідскага ПМК № 169: майстар Максім Яхант, электрагазазваршчык Юрый Аляксееў, тынкоўшчык Дзяніс Бальцэвіч, цясляр Дзмітрый Прохараў, мантажнік сантэхнічных сістэм і абсталявання Генадзь Кардаш, машыніст аўтавышкі Чэслаў Зінкевіч, электрамантажнік па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках Аляксандр Дамброўскі, маляр Марына Аніська.

У сваю чаргу Лідзія Сям’ён уручыла Андрэю Садоўскаму сімвалічны ключ ад новага дома, а паколькі балансаўтрымальнікам будынка будзе Дзятлаўскі РУП ЖКГ, ключ перадалі яго кіраўніку Віктару Дзедулю, ён жа аддаў сімвал новага дома старшыні сельвыканкама Вадзіму Бялятку. Вадзім Аляксандравіч падкрэсліў, што дом № 35 па вуліцы Леніна стане “жамчужынай”, якая не толькі ўпрыгожыць цэнтр Казлоўшчыны, але і забяспечыць жыллём пасялкоўцаў са спісу маючых патрэбу. За апошнія гады ў Казлоўшчыне зроблена многае, а гэта сведчыць аб тым, што дзяржаўная праграма па добраўпарадкаванні і развіцці малых населеных пунктаў сапраўды працуе.

Разам Андрэй Садоўскі, Лідзія Сям’ён, Віктар Дзедуль перарэзалі чырвоную стужку каля ўваходу ў пад’езд і запрасілі ўсіх прысутных агледзець абноўлены дом і новыя светлыя кватэры.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga