Ала Чарняўская: “Не ўяўляю сваё жыццё без песні”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Першы бенефіс у жыцці артыста, як выпускны баль.

Гэта час падвесці вынікі і крочыць далей з новымі сіламі. Свой дзень нараджэння і 25-гадовы юбілей на сцэне наша зямлячка Ала Чарняўская адзначыць  творчым шоў-канцэртам “Спяваю насуперак”, на які запрашае ўсіх, нераўнадушных да добрай  песні.

Татава радасць

У Алы Чарняўскай было мала шанцаў абраць іншую прафесію, акрамя музыкі. Яна нарадзілася і жыла ў вёсцы Лявонавічы на Дзятлаўшчыне, затым сям’я пераехала ў аграгарадок Таркачы. Са школьных гадоў дзяўчына стаяла на сцэне, удзельнічала ў мясцовым вакальна-інструментальным ансамблі “Беларусачка”, якім кіраваў яе бацька Уладзімір Шутаў. Сам ён іграў на  інструментах, стварыў не адзін песенны калектыў у нашым раёне, быў вельмі строгім крытыкам творчасці пачынаючай спявачкі, доўга сумняваўся, што ў Алы атрымаецца займацца спевамі прафесійна. Яна ж настойліва працавала над сабой, старалася расці з кожным днём, каб аднойчы пачуць каштоўныя словы пахвалы.

– Я ўжо працавала культарганізатарам у Таркачах, калі мы з татам прыехалі выступаць на канцэрт у Круцілавічы, – успамінае Ала Уладзіміраўна. – Запрошанымі зоркамі былі Аляксандр Жых і Ала Аўдзейчык, а я выходзіла ў іх на “разагрэве”, спявала кампазіцыю Ані Лорак. Пасля канцэрта тата мне сказаў, што спявала я выдатна, ён ганарыцца мною і што ўсё ў мяне атрымаецца. У той момант быццам крылы за спінай выраслі.

Аўтарытэт дзядулі стаў лёсавызначальным і для яго ўнука Уладзіслава, які не проста звязаў сваё жыццё з музыкай, а, як і продак, іграе на духавых інструментах у аркестры унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь, дзе і сёння служыць па кантракце.

Важны крок ад захаплення музыкай да творчай прафесіі Ала Чарняўская зрабіла, атрымаўшы дыплом з адзнакай  аб перападрыхтоуцы у Iнстытуце культуры Беларусi. Артыстка шмат выступала на вясковых святах, стала часцей выходзіць на раённую сцэну. Яна ніколі не была выключна сольнай выканаўцай. Помнячы свой першы песенны вопыт у “Беларусачцы”, прадаўжала супрацоўнічаць з калектывамі раёна: удзельнічала ў ансамблях “Ятранка”, “Суседзі”. Так у адзін з момантаў жыцця з’явіўся свой творчы праект. Ала Уладзіміраўна тлумачыць, што трыа “Бархат” – гэта аб’яднанне калег па працы:

– З Марынай Варган і Таццянай Дудкінай мы працавалі разам у сектары па рабоце з моладдзю, таму паспрабавалі спяваць разам. Вынік нам спадабаўся настолькі, што выступаем разам і сябруем дагэтуль. Не было адразу рашэння, хто будзе кіраўніком, проста дамовіліся паміж сабой, што я стану на чале калектыву. Акрамя гэтага, распрацоўваю музычныя партыі для нас.

Праект, што пачынаўся як “спроба пяра”, стаў паспяховым. Сёння “Бархат” на слыху ў дзятлаўчан, яго можна ўбачыць не толькі на раённых канцэртах, але і на ключавых мерапрыемствах і адкрыццях. У 2023 годзе ён упершыню будзе абараняць званне народны. Спадзяёмся, у яго ўдзельніц усё атрымаецца.

Яшчэ адным калектывам, які пад сваім крылом узрасціла Ала Чарняўская, стаў дзіцячы ансамбль “Сузор’е”. Усё пачыналася, як падрыхтоўка да конкурсу “Мелодыі кахання”, да якога юных талентаў са школы № 1 горада Дзятлава рыхтавала Ала Чарняўская. Калектыў атрымаў перамогу ў конкурсе, а затым яшчэ не адну ў разнастайных рэгіянальных конкурсах і фестывалях. Юныя салісткі прадаўжаюць радаваць нас сваёй творчасцю, час ад часу спяваюць разам са сваёй настаўніцай.

Жыццё – гэта праект, які трэба рэалізоўваць

Такога прынцыпу прытрымліваецца Ала Чарняўская ў сваёй рабоце і ва ўсіх пачынаннях, выкладваючыся на ўсе 100. Праявіць сябе атрымалася ў Дзятлаўскім цэнтры культуры, куды аднойчы прыйшла працаваць “з раёна”.

– У той год не стала таты, былі яшчэ свае абставіны, з-за якіх заставацца на ранейшым месцы не хацелася. І тады я рашылася: пакінула ўсё, прыехала ў Дзятлава, уладкавалася ў сектар па рабоце з моладдзю, зняла кватэру і стала працаваць з падвоенай энергіяй, каб не падвесці людзей, даказаць сабе і іншым, што мне гэта па сілах.

Пачынала ў аддзеле культарганізатарам, затым узначаліла яго, пры падтрымцы калег ажыццявіла смелыя задумкі. На працягу сямі гадоў Ала Чарняўская з’яўляецца нязменным рэжысёрам раённага конкурсу грацыі і таленту “Краса Дзятлаўшчыны”.

– Цікавым вопытам было шоу “Місіс Дзятлаўшчыны”, спадзяюся, яшчэ будзе “містар”, гэта мая мара, – дзеліцца суразмоўца.

У мінулым годзе адзначыў пяцігадовы юбілей моладзевы вулічны капуснік “Тваё лета”, таксама яе “дзецішча”. Яе праекты – “Забег паўзункоў”, парады парасонаў, калясак, самакатаў сталі папулярнымі ў мясцовай аўдыторыі і праз некаторы час былі прадубліраваны на фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.  Кожны год капуснік праходзіць у сваім фармаце, летась гэта быў марафон нявестаў.

– Прыемна, што праект “Тваё лета” быў заўважаны,  па яго ўзоры праводзіўся абласны семінар-практыкум сярод работнікаў культуры. Сёлета пастараемся паказаць дзятлаўчанам таксама што-небудзь арыгінальнае, – абяцае арганізатар.

Аднойчы, нечакана нават для сябе, Ала Чарняўская стала фітнес-інструктарам.

– Каб жыць у райцэнтры, аплачваць жыллё, я пажадала працаваць у Цэнтры культуры на паўтары стаўкі, і мне прапанавалі такую дадатковую “нагрузку”, – узгадвае Ала Уладзіміраўна. – Колькі гадоў мінула з таго часу, ужо даўно жыву ў арэнднай кватэры, а весці трэніроўкі не перастала.

За новую справу жанчына ўзялася грунтоўна, з азартам і жаданнем спасцігнуць яе да нюансаў. Тут вельмі выручыў Інтэрнэт: па першым часе – фітнес-ролікі, затым – перапіска і абмен вопытам з трэнерамі і блогерамі аб спорце і падтрыманні здароўя.  Таксама давялося падрабязна вывучыць анатомію і фізіялогію, каб разумець уздзеянне спартыўных комплексаў на арганізм. Першымі і пастаяннымі “кліентамі” заняткаў па фітнесе сталі медыкі,  за імі падцягнуліся іншыя жанчыны, хто хацеў трымаць сябе ў тонусе. Сёння ў пералік спартыўных заняткаў, якія прапануе дзятлаўчанкам Цэнтр культуры, дадаўся танцавальна-спартыўны курс “Зумба”.

– Цяпер заняткі фітнесам трывала сталі на рэльсы, маюць  сваю “фішку”: гэта падтрыманне жаночага здароўя, гнуткасці і амаладжэнне пазваночніка, а значыць, і ўсяго арганізма, – тлумачыць Ала Чарняўская. – Думаю, час паспрабаваць нешта новае. Увесь час іду наперад, нецікава стаяць на адным месцы.

Бліц для Алы Чарняўскай

– Адкуль чэрпаеце новыя ідэі для творчасці?

– Часта бачу іх у снах і потым спяшаюся ўвасобіць. Цікавая думка можа прыйсці ў любы момант, нават у час выканання паўсядзённых справаў або прагляду фільма ці тэлеперадачы.

– Чаму вы спяваеце менавіта “насуперак”?

– Шчыра кажучы, доўга думала, якую назву даць шоу-праграме. Улічыла жыццёвы вопыт, шэраг складанасцяў, не прайшоўшы якія, я б сёння не стаяла на сцэне. Быў нават момант, калі я страціла голас і думала, што ўжо больш не буду спяваць. Але і жыццё без песні не ўяўляю. Пагэтаму сапраўды насуперак усім акалічнасцям і выпрабаванням я выходжу на сцэну, каб сустрэцца са сваім гледачом.

– Каго чакаеце на сваім першым сольным канцэрце?

– Усіх, хто любіць мае песні, цікавыя мерапрыемствы, хто верыць у мяне.

– Чым будзеце здзіўляць гледачоў?

– Не раскрыю ўсе сакрэты, але пастараюся не расчараваць аўдыторыю. Будуць цікавыя госці, нумары і песні ў маім выкананні, ужо вядомыя дзятлаўчанам. “Вішанькай на торце” стане выступленне лазерна-піксельнае шоу “Disar” – гэта падарунак мужа мне на Дзень нараджэння.

– Сольны канцэрт – мяжа, якая рахункуе дваццаціпяцігадовы адрэзак вашай творчасці.  Што будзе пасля?

– Будзе жыццё, актыўная работа, пастаянныя і новыя праекты. Буду рэалізоўваць сябе на новым месцы ў рабоце загадчыка аддзела па правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, разам з “Бархатам” паспрабуем атрымаць званне народнага калектыву. Стараюся прытрымлівацца прынцыпу, што, пакуль мы рухаемся, мы жывём і ў фізічным, і ў творчым плане.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: