Актыўная, таленавітая, вясёлая – наша моладзь

Важнае Культура і адпачынак

Вечарам 27 чэрвеня артысты Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на адкрытай пляцоўцы ладзілі канцэрт, прымеркаваны да Дня моладзі.

Наведаць свята і пабачыць выступленні маладых талентаў маглі ўсе жадаючыя.

Вядучая ўрачыстасці Ала Чарняўская нагадала прысутным і аб іншых юбілейных святах, якія сёлета адзначаем – 75-годдзі Вялікай Перамогі і 80-годдзі ўтварэння Дзятлаўскага раёна. Першай на святочную сцэну яна запрасіла прадстаўніцу раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталлю Маркаву.

– Моладзь – гэта будучыня нашай краіны, і ад нас з вамі залежыць, як мы будзем жыць далей. А таму прыспеў час ўзнагародзіць самых актыўных членаў Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, – зазначыла Наталля Маркава. – Раённы камітэт ГА “БРСМ” падрыхтаваў для вас памятныя падарункі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагародамі былі адзначаны Іван Валчкевіч, Віталь Іванашка, Алена Рынгель, Аляксандра Гліністая, Таццяна Пазняк, Марта Мілаш, Аксана Роўба, Кацярына Скрабук, Наталля Сокал.

Маладым жыхарам раёна пажадалі і надалей заставацца таленавітымі, вясёлымі, працавітымі, ставіць перад сабой значныя мэты і смела ісці да іх.

Не абыйшлося і без музычных віншаванняў. Іх у гэты дзень усім прысутным дарылі маладыя артысты Дзятлаўшчыны Вольга Ёда, Улад Добыш, Дар’я Кончык. Па-за сцэнарыя ўзяў у рукі гітару Алег Губко, які сам піша вершы і музыку, а на свята ён прыйшоў каб падтрымаць сваіх сяброў.

Сустрэча атрымалася цёплай і вясёлай, нягледзячы на капрызы надвор’я, якое ў гэты дзень пад занавес “прыгнала” навальніцу.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup