Працуе каманда

Важнае Грамадства

Сучасныя меліяратары – не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і ўніверсалы: з поспехам вядуцуь як профільныя работы, так і будаўнічыя.

Аднак адным з асноўных напрамкаў дзейнасці прадпрыемства па-ранейшаму застаецца меліярацыя і ўвядзенне ў севазварот земляў.

Па традыцыі на адказным участку працуе самы вопытны майстар Дзятлаўскага ПМС Мікалай Магуйла і яго каманда ­– экскаватаршчык Сяргей Чарнуха, машыністы бульдозера Юрый Повараў, Мікалай Марцінчык, механізатары Валянцін Крупіца і Уладзімір Кучынскі на трактарах МТЗ-1523, Аляксандр Календа – на МТЗ-80 рабочыя Аляксандр Шчэрба і Віталь Бякета, вадзіцель Леанід Карыба.

Яны выконваюць культуртэхнічную меліярацыю на землях паблізу вёскі Руда Яварская: праводзяць карчаванне, планіроўку, ворыва, дыскаванне для КСУП “Хвінявічы”.

– У сакавіку пачалі працаваць тут, праз тыдзень ужо плануем здаць 61 гектар сельскагаспадарчых земляў заказчыку і вярнуцца на асноўны аб’ект – Чырвоны Бор, – тлумачыць Мікалай Пятровіч. – Агульны аб’ём работ у выніку складзе 150 гектараў.

Клопатаў шмат, але і святочны настрой прысутнічае. З нагоды прафесійнага свята Мікалай Магуйла жадае калегам атрымліваць сапраўдную асалоду ад працы і добрае ўзнагароджанне па яе выніках, не губляць пазітыўны настрой і бадзёрасць духу.

Дзень меліяратара ўпершыню стаў прафесійным святам для трактарыста Валянціна Крупіцы. Прыйшоў працаваць у меліярацыю з сельскай гаспадаркі. Усім, хто працуе і некалі працаваў у галіне меліярацыі ён зычыць моцнага здароўя і дабрабыту.

Таксама з сельскай гаспадаркі прыйшоў у Дзятлаўскае ПМС вадзіцель Леанід Карыба. На яго рахунку багаты прафесійны стаж, але ў меліярацыі мужчына адносна нядаўна. Яго задача – своечасова даставіць людзей на аб’ект і назад у любы куточак Дзятлаўшчыны або Карэліччыны. Меліяратарам ён жадае  плённай працы, добрага настрою і каб іх заўсёды чакалі дома.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga