У праграмісты – з дзіцячага сада

Галоўнае Грамадства

Ці ведалі вы, што першыя крокі ў IT-сферу можна зрабіць яшчэ ў раннім узросце?

Новаяльнянскі дзіцячы сад – адзіная ў раёне ўстанова дашкольнай адукацыі, якая ўдзельнічае ў праекце Парка высокіх тэхналогій “Інфарматыка без разеткі”. Ён другі год запар рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Выхаванцы дзіцячага сада маюць магчымасць адчуць сябе юнымі праграмістамі. Заняткі праводзяць цьютары-педагогі – выхавальнікі ўстановы, якія прайшлі спецыяльнае анлайн-навучанне ў Парку высокіх тэхналогій.

Работа ў праекце праводзіцца ў гульнявой форме: дзеці асвойваюць такія паняцці, як алгарытм, адмова, сапраўдныя і лжывыя выказванні, інфармацыя, лабірынты, кадзіраванне, такім чынам рыхтуючыся да навучання ў школе. Гід па займальным свеце інфарматыкі – кацяня Алесік, разам з якім дашкольнікі цікава падарожнічаюць, дапамагаюць яму ў вырашэнні задач.

– Відаць, што заняткі пайшлі дзецям на карысць, – адзначае загадчыца Новаяльнянскага дзіцячага сада Людміла Піваварчык. – Дашкольнікі перасталі баяцца цяжкасцяў, навучыліся працаваць у камандзе, у іх развіліся ўважлівасць, уседлівасць, кемлівасць. А самае галоўнае – вырасла жаданне атрымліваць новыя веды, што з’яўляецца немалаважным пры падрыхтоўцы да школы.

Пасля заканчэння курса ў маі для дзяцей было арганізавана заключнае мерапрыемства “IT-Батл”, па выніках якога ўсе атрымалі сертыфікаты аб засваенні праграмы аб’яднання па інтарэсах “Інфарматыка без разеткі”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga