“Молочный Мир” – чэмпіён якасці і смаку

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Прадпрыемства стала ўладальнікам прэміі Ураду за дасягненні ў галіне якасці і пераможцам конкурсу спажывецкіх перавагаў “Чэмпіён смаку”. Сакрэт поспеху ААТ “Молочный Мир” – у рабоце вялікай каманды, у тым ліку і Дзятлаўскага філіяла.

Пацвердзілі званне лаўрэата

Прэмія Урада за дасягненні ў галіне якасці ў 2021 годзе прысуджаецца 23-і раз. ААТ “Молочный Мир” і яшчэ 28 арганізацый сталі яго лаўрэатамі. Узнагароды ўручыў намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Назараў.

– Якасць – найважнейшы прыярытэт эканамічнай палітыкі нашай краіны, – адзначыў ён у час цырымоніі ўзнагароджання. – Беспрэцэдэнтны санкцыйны палітычны ціск, якому падверглася наша дзяржава, зводзіцца да простых рэчаў – нашу прадукцыю проста спрабуюць выцесніць з еўрапейскіх і іншых рынкаў. Нам абмяжоўваюць допуск да сыравіны, зламалі лагістычныя ланцужкі, адразаюць нас ад фінансавых рэсурсаў. На фоне гэтага супрацьстаяння важна яшчэ больш эфектыўна працаваць над сваёй канкурэнтаздольнасцю, а значыць, перш за ўсё над павышэннем якасці выпускаемай прадукцыі і аказваемых паслуг.

Паводле яго слоў, быць паспяховымі сёння могуць толькі тыя кампаніі, якія выбудоўваюць стратэгію свайго развіцця на аснове якасці на ўсіх этапах дзейнасці: у планаванні, кіраванні, арганізацыі вытворчасці і падрыхтоўцы персаналу.

Юрый Назараў асабліва падкрэсліў, што конкурсны рух у галіне якасці актыўна развіваецца ў нашай краіне і нацэльвае ўсе сегменты эканомікі на выпуск якасных, экалагічных, бяспечных і рэсурсазберагальных відаў прадукцыі і паслуг. Пачынаючы з 1999 года лаўрэатамі прэміі Урада сталі больш за 250 арганізацый з розных галін эканомікі.

Тры арганізацыі ўдастоены спецыяльных узнагарод конкурсу: “Лідарства”, “Дасканаласць менеджменту”, “Сацыяльная адказнасць”. ААТ “Молочный Мир” узнагароджана дыпломам у намінацыі “Дасканаласць менеджменту”, чарговы раз пацвердзіла званне лаўрэата. Нязменная якасць, новыя віды канкурэнтаздольнай прадукцыі, любоў спажыўцоў, інавацыйныя падыходы – усё гэта падмацавана заслужанай узнагародай.

Народная ўзнагарода

З конкурсу-дэгустацыі “Чэмпіён смаку”  ААТ “Молочный Мир” прывезла адразу пяць дыпломаў пераможцы.

Спаборніцтва “Чэмпіён смаку”  – гэта даследаванне спажывецкіх пераваг на аснове народнага галасавання і выбару незалежных экспертаў. Штогод незалежная экспертна-дэгустацыйная камісія і народныя дэгустатары ўсляпую тэсціруюць прадукты беларускіх вытворцаў.

На першым этапе адпаведнасць стандартам якасці, рэцэптуры, арганалептычным паказчыкам вызначаюць эксперты. Па выніках іх галасавання адбіраюцца фіналісты.

Другі этап – народнае галасаванне. Па яго выніках размяркоўваюцца прызавыя месцы паміж удзельнікамі фіналу. Сума балаў галасавання вызначае сапраўднага “Чэмпіёна смаку”.

Падрыхтавала да друку Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлена ААТ “Молочный Мир”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga