Купацца можна. Але па правілах!

Важнае Грамадства

Нарэшце слупкі тэрмометраў падняліся вышэй за 20 градусаў – надышло каляндарнае лета, і людзі сталі ўсё часцей аддаваць перавагу адпачынку каля вады.

Дзе і як на Дзятлаўшчыне можна купацца, каб зберагчы здароўе і не атрымаць штраф, расказаў старшыня Дзятлаўскай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі:

– У нашым раёне, згодна з рашэннем райвыканкама, купацца дазволена ў двух месцах: возера ва ўрочышчы Рыбакі,  пляж санаторыя “Радон”, і на пляжы горада Дзятлава па вуліцы Фогеля. Гэтыя пляжы абсталяваны ратавальнымі пастамі, тут дзяжураць матросы-ратаўнікі, дно акваторыі гэтых вадаёмаў абследавана, выдалены ўсе небяспечныя прадметы, каб не дапусціць траўматызму. На ўсіх астатніх вадаёмах Дзятлаўшчыны купацца нельга.

Купальны сезон доўжыцца з 1 мая да 30 верасня. Рэжым работы пляжаў – з 10 гадзін раніцы да 8 гадзін вечара, у цёмны час сутак купанне забаронена.

– Ці шмат сёлета адбылося здарэнняў на вадзе?

– У Беларусі з пачатку гэтага года патанулі 99 чалавек. Літаральна ў пачатку гэтага тыдня ў заліве Дняпра патануў магілёвец 1963 года нараджэння. Загінулы, адпачываючы з сябрамі на беразе ракі, вырашыў пакупацца. Праз некаторы час сябры заўважылі, што ён знаходзіцца на паверхні вады без руху, выцягнулі яго на бераг і пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія, на жаль, не далі выніку. Праверку па факце здарэння праводзіць Кастрычніцкі РАУС Магілёва. На мінулых выхадных на возеры Паперня ў Ружанскім раёне Брэстчыны ледзь не патануў 17-гадовы вучань Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа, які прыйшоў з сябрам купацца. Хлопцы вырашылі саскочыць з пірса, але адзін з іх не ўмеў плаваць. Акрамя таго, ён не ведаў глыбіні вадаёма. Скокнуўшы ў ваду, падлетак пачаў захлынацца. Матрос-ратаўнік заўважыў маладога чалавека, кінуў хлопцу выратавальны круг і дастаў яго з вады. Медыцынская дапамога падлетку не спатрэбілася. Трагічнае здарэнне адбылося ў маі ў вёсцы Замасточча Докшыцкага раёна Віцебшчыны: у вадаёме патанула маленькая дзяўчынка. Яна знаходзілася ў двары дома са сваімі роднымі. Праз некаторы час дзяўчынка знікла з-пад увагі. Бацькі кінуліся на яе пошукі і знайшлі ў вадаёме, размешчаным за домам. Выратаваць жыццё дзяўчынкі, якой у чэрвені павінна было споўніцца два гады, не ўдалося.

Большасць трагедый на вадзе адбываецца у пачатку купальнага сезона. У 90 % выпадкаў людзі гінуць у месцах, якія знаходзяцца па-за зонай дзеяння выратавальных станцый. Да таго ж, больш за 33 % загінулых сёлета на вадзе людзей знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

– Што чакае парушальнікаў правілаў паводзінаў на вадзе і хто будзе кантраляваць іх выкананне?

– Арганізаваны аб’яднаныя рэйдавыя групы, у якія, акрамя інспектараў АСВОДа, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўваходзяць прадстаўнікі БРСМ. Рэйдавыя групы будуць наведваць вадаёмы раёна і сачыць за выкананнем правілаў, выдаваць прадпісанні парушальнікам. За купанне ў неналежным месцы, распіццё спіртных напояў, знаходжанне ў нецвярозым стане каля вадаёма, а таксама выгул сабак, мыццё ў вадаёме бялізны або аўтамабіля грамадзяне панясуць адміністрацыйную адказнасць: папярэджанне або штраф ад 1 да 5 базавых велічыняў.

– Дзеці, якія знаходзяцца на школьных канікулах, таксама імкнуцца летам да вады. З якога ўзросту ім можна купацца самастойна?

– Купанне дзяцей без суправаджэння дарослых магчыма толькі з 16-гадовага ўзросту. Дазваляецца наведванне пляжа групамі дзяцей (напрыклад, выхаванцаў летнікаў) у суправаджэнні дарослага, які мае спецыяльны дазвол і ўмее плаваць. Калі падапечных больш за 15 – павінна быць двое дарослых суправаджаючых. Для дзяцей да 9 гадоў агароджана тэрыторыя для плавання, для паўналетніх, якія ўмеюць плаваць, таксама абмежавана буямі дазволеная зона. Абавязкова трэба выконваць правілы бяспекі, аб якіх пры наведванні вадаёма нагадае дзяжурны матрос. Асноўныя з іх: заходзьце ў ваду паступова, не нырайце ў незнаёмых месцах, калі адчулі сутаргу, гучна клічце на дапамогу. Просьба да бацькоў: ні на хвіліну не пакідайце сваіх маленькіх дзяцей без нагляду каля вадаёмаў.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga