Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Дзмітрый Ёда: “Спадзяванне дзятлаўскіх хакеістаў – тэнтава-каркасная пабудова” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу нашы землякі актыўна дзеляцца канструктыўнымі прапановамі і цікавымі ідэямі.

Галоўны спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда расказаў пра ўдзел дзятлаўчан у турніры “Залатая шайба”, узгадаў спартыўныя перамогі юнацкай хакейнай каманды “Алмаз” (Дзятлава) і агучыў ідэю ўзвесці ў Дзятлаве тэнтава-каркасную пабудову для падаўжэння сезону заняткаў на лёдзе.

– На Дзятлаўшчыне ёсць свае спартыўныя традыцыі, якія падтрымліваюцца на працягу не менш, чым паўстагоддзя. Яшчэ ў далёкім 1970 годзе ў Дзятлаве было адкрыта аддзяленне хакея і літаральна да 1990 года дзятлаўчане мэтанакіравана займаліся гэтым відам спорту. Былі марозныя зімы, таму дзятлаўскія хакеісты на сваім лёдзе рыхтаваліся да спаборніцтваў “Залатая шайба” і дастойна прадстаўлялі Гродзеншчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Самая высокая хакейная перамога мінулага стагоддзя і дзятлаўчан увогуле – гэта перамога на рэспубліканскіх і ўдзел ва ўсесаюзных спаборніцтвах у 1980 годзе, калі ў горадзе Горка дзятлаўскія хакеісты дастойна прадставілі нашу рэспубліку, тады яшчэ БССР.

У 1998 годзе, калі ў Прынёманскім краі пад эгідай упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама спаборніцтвы адрадзіліся, на Дзятлаўшчыне зноў прыступілі да трэніровак.

Цяпер хакейная дзіцяча-юнацкая каманда нашага раёна “Алмаз” з’яўляецца пастаяннай удзельніцай абласных спаборніцтваў “Залатая шайба”. За гэты час маем пэўныя поспехі: ужо 15 разоў “заходзілі” на п’едэстал гонару з рознымі дасягненнямі – першае, другое, трэцяе месцы ў вобласці. Ганарымся і тым, што сталі ўдзельнікамі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Найбольш паспяховымі для дзятлаўскага “Алмаза” былі 2016 і 2019 гады, калі ў малодшай узроставай групе мы станавіліся пераможцамі Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе дзятлаўчане былі трэцімі ў рэспубліцы, у 2018 – другімі. На жаль у 2020 годзе з-за пандэміі нам не ўдалося згуляць на рэспубліканскім этапе “Залатой шайбы”, хаця на Гродзеншчыне ў малодшай узроставай групе мы сталі бясспрэчным лідарам.

Рэгламентам абласнога Палажэння спаборніцтваў прадугледжана, што ў лютым 2021 года таксама адбудуцца хакейныя спаборніцтвы “Залатая шайба”, да якіх мы актыўна рыхтуемся, выкарыстоўваючы кожны дзень на лёдзе. На жаль, па-за сезону не маем асаблівай магчымасці для трэніровак, толькі зрэдку (максімум 15-20 разоў на год у сувязі са значным коштам наведвання) удаецца пабыць у лядовым палацы ў Лідзе ці Баранавічах.

Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу тэму лядовых трэніровак хацелася б завастрыць, бо зімы ў Беларусі становяцца цёплымі. Адметна, што спорту (і не толькі хакею) у нашай краіне надаецца і, я ўпэўнены, будзе надавацца шмат увагі. Хочацца, каб у гэтым кірунку і для невялікіх рэгіёнаў пашырыліся магчымасці. Будзем вельмі рады, калі прапанова – будаваць у райцэнтрах недарагія каркасна-тэнтавыя пляцоўкі са штучным лёдам, якая абмяркоўвалася на раённай дыялогавай пляцоўцы, будзе падтрымана, і нашы хакеісты атрымаюць магчымасць трэніравацца 4-5 месяцаў на год.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: