4 мая на Дзятлаўшчыне чарговую прамую тэлефонную лінію правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк.
За дзве гадзіны Уладзіміру Аляксандравічу паступілі тры тэлефонныя звароты. Першай на прамую лінію дазванілася жыхарка гарадскога пасёлка Казлоўшчына, якую цікавіла, чаму гарпасялковая бібліятэка з цэнтра пасёлка была перанесена ў іншы будынак.
Тлумачэнні па гэтым пытанні дэпутату дала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што для зручнасці абслугоўвання насельніцтва бібліятэка “пераехала” ў адрамантаваны будынак былой сярэдняй школы, дзе цяпер знаходзяцца Казлоўшчынскі цэнтр культуры і народнай творчасці і музычная школа. Такое рашэнне было прынята, каб злучыць установы культуры па адным адрасе для аказання жыхарам пасёлка розных відаў культурных паслуг.
Другое пытанне дэпутату паступіла таксама з Казлоўшчыны і тычылася надзённай тэмы – выдалення аварыйных дрэваў на могілках.
Начальнік Казлоўшчынскага ўчастка ЖКГ Віктар Цярэшка расказаў, што ўжо праведзены тэндар для выканання такіх работ і ў хуткім часе аварыйныя дрэвы пачнуць спілоўваць.
Варта адзначыць, што жыхароў Дзятлаўшчыны ў гэты дзень хвалявалі розныя пытанні, у тым ліку асабліва актуальнае ў вясновы сезон – па выдзяленні сельгаспрадпрыемствам зямельных участкаў пад пасадку бульбы. Што асабліва прыемна, яно таксама вырашылася на карысць насельніцтва яшчэ да канца прамой тэлефоннай лініі.
– Адчуваецца, што кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна зацікаўлена, каб пытанні людзей знаходзілі станоўчае рашэнне, – падкрэсліў Уладзімір Сіняк напрыканцы прамой тэлефоннай лініі. – Работа ўсіх службаў вертыкалі мясцовай улады і аграпрамысловых прадпрыемстваў скіравана на вывучэнне патрэбаў насельніцтва і далейшае вырашэнне праблем на карысць жыхароў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga