“Заззяе” на полі “Сірыус”

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Сёлета красавік часам забываў, што ён ужо другі месяц вясны.

Як толькі ўступіў у свае правы, здзівіў снегам, перыядычна ўчыняў начныя замаразкі, здзімаў парывістым і халодным ветрам, абдзяляў ападкамі ці наадварот заліваў праліўнымі дажджамі. Аднак былі і сапраўдныя вясновыя дзянькі, якіх з нецярпеннем чакалі аграрыі Дзятлаўшчыны, каб пачаць сеяць адну з самых засухаўстойлівых, светла- і цеплалюбівых сельскагаспадарчых культур – кукурузу.

Так, у СГФ “АграМілк” пад “царыцу палёў” адведзена 1477 гектараў. У гаспадарцы да сяўбы кукурузы прыступілі ў 20 чыслах красавіка, калі ўсталявалася больш-менш спрыяльнае надвор’е. На 27 красавіка ад плана выканана каля 240 гектараў. Завяршылася сяўба на полі ў 14 гектараў паблізу вёскі Галаўлі. У Маскалёўцах трэба будзе выканаць пасяўную задачу на 10 гектарах. На палях “АграМілка” будзе расці кукуруза розных гатункаў: “Дэльфін”, “Ранальдзініа”, “Сірыус”, “Луіджы” і іншыя.

На сяўбе культуры задзейнічаны механізатары Пётр Маложын, Алег Ломаць, Валерый Гурнач. Адначасова з гэтым у сельскагаспадарчым філіяле вядуцца і іншыя работы: унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў, культывацыя, збор камянёў з палёў. Пасля кукурузы аграрыі гаспадаркі пераключацца на нарыхтоўку кармоў.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga