Белыя галубы ў родным небе.
Каб расказаць дзецям аб мінулых гадах Беларусі, аб народных традыцыях і святах, аб Вялікай Айчыннай вайне і доўгачаканай вясне і Перамозе, у Год гістарычнай памяці ў фае дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава аформлена выстава “Салют Перамозе”, дзе ўвазе дзяцей і бацькоў прапануюцца фотаздымкі, плакаты, брашуры, альбомы, буклеты, паштоўкі. Праводзяцца тэматычныя заняткі і гутаркі, дзеці сярэдніх і старшых груп слухаюць апавяданні пра вайну, глядзяць відэафрагменты ваеннай хронікі, вучаць вершы і песні.
Такім чынам педагогі фарміруюць у сваіх выхаванцаў паняцці аб тым, што вайна – гэта зло, гора, слёзы, разбурэнне, што трэба берагчы мір, бо ўсе людзі Беларусі, і асабліва дзеці, хочуць бачыць белых галубоў у мірным родным небе.
Дзеля міру і спакою на зямлі
Вучні 8-11класаў Дварэцкай сярэдняй школы прынялі ўдзел ва ўроку мужнасці “Нам гэты мір завешчана берагчы” да Года гістарычнай памяці.
На ўрок мужнасці былі запрошаны кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Памяць” Сяргей Каско і супрацоўнік Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта. Вучні разам з гасцямі прыйшлі да высновы, што абавязак цяперашняга і будучых пакаленняў – захаваць памяць пра людзей, якія аддалі сваё жыццё дзеля міру і спакою на нашай зямлі.
Мы – розныя, але мы – разам
На занятку пад такой назвай у группе падоўжанага дня гэтай жа школы вучні паразважалі аб тым, што ўсе яны розныя: з розным колерам вачэй, валасоў, з рознымі здольнасцямі, імёнамі і характарамі. Разам з гэтым, яны таксама зразумелі, што любоў, клопат, увага і дружба аб’ядноўвае ўсіх нас, робіць мацнейшымі.
Асаблівую цікавасць выклікала “падарожжа” па краінах свету, у час якога яны ўбачылі, што ў кожнай краіне людзей аб’ядноўваюць нацыянальныя традыцыі, мова, культура. Школьнікам спадабалася таксама паўдзельнічаць у невялічкім дэфіле, у час якога выхаванцы групы прадэманстравалі беларускія народныя касцюмы, даведаліся аб асаблівасцях беларускага арнамента, які выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання адзення беларусы.
Напрыканцы занятку кожны для сябе зрабіў выснову: мы розныя – у гэтым наша багацце, мы разам – у гэтым наша сіла.
Рыхтуюцца стаць аграрыямі
Навучэнцы аграрнага класа Дварэцкай сярэдняй школы ў рамках практычных заняткаў наведалі сельскагаспадарчыя аб’екты дзяржаўнага прадпрыемства “Дварэц-Агра”. Факультатыўныя заняткі па праграме “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” праводзяцца ў школе ўжо чацвёрты год запар.
На гэты раз тэмай заняткаў было электразабеспячэнне працэсаў сушкі і дапрацоўкі зерня на зернесушыльным комплексе КЗСВ-30 і забеспячэнне клімат-кантролю пры захоўванні бульбы ў бульбасховішчы арачнага тыпу.
Таксама вучні наведалі малочнатаварны комплекс “Васявічы”, дзе азнаёміліся з працэсам даення кароў у даільнай зале, работай халадзільнага абсталявання, асновамі камп’ютарнага ўліку статку і параметраў прадукцыйнасці кароў. Дапамаглі навучэнцам разабрацца ў тонкасцях гэтых тэхналагічных працэсаў спецыялісты мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga